1. Куды ж ён пайшоў, твой каханы, жанчына, краса, прыгажуня? Куды ж ухіліўся твой любы, — пашукаем яго з табою!
  2. Мой каханы ў сад твой спусьціўся, да градак духмяных, каб пасьвіць у садзе і лілеі зьбіраць.
  3. Адданы мой любы мне, а я — яму; ён пасьвіць сярод лілеяў.
  4. Прыгожая ты, каханая, нібы Тырца, харошая, як Ерусалім, грозная, нібы полк са сьцягамі!
  5. Адвядзі ад мяне свае вочы, бо яны хвалююць мяне.
  6. Твае валасы — нібы козак чародка, што зьбягае з гор Галаадскіх; твае зубы — як статак авечак, што з купальні выходзяць, кожная зь іх прывяла двайнятак, і няма сярод іх бясплоднай,
  7. як палавінкі граната, шчочкі твае — пад кудзеркамі тваімі.
  8. Ёсьць шэсьцьдзясят царыц і восемдзесят наложніц і безьліч — дзяўчат;
  9. ды адна яна, беспахібная, чыстая горлінка; адна яна — дачка ясная ў мацеркі роднай — пагначана ласкаю маці. Убачылі гэта сяброўкі і пахвалілі яе, царыцы і наложніцы — і пахвалілі яе.
  10. Хто гэта ўзыходзіць, быццам зара, прыгожая, быццам месячык, ясная, нібы сонейка, грозная, нібы полк са сьцягамі?
  11. Я спусьціўся ў арэхавы сад паглядзець на ўсходы ў даліне, паглядзець, ці лаза зелянее, гранаты ці зацьвілі?
  12. Ня ведаю, як душа мая вабіла вяльможаў з народу майго.

Постоянная ссылка на эту страницу bibleonline.ru/bible/bel/22/06/.

Выбор перевода и языка



© Библия Онлайн, 2003-2016