1. О, няхай бы ты быў мне братам, маёй мацеркай узгадаваным, — сустракала б цябе за парогам і адкрыта цябе цалавала б, і ніхто мне асуды ня даў бы.
  2. Прывяла б я цябе з сабою ў дом мацеркі роднай маёй. Ты вучыў бы мяне, я ж паіла б цябе духмяным віном і сокам з маіх гранатаў!
  3. Яго левая — пад маёй галавою, а правай рукою мяне абдымае.
  4. Заклінаю вас, Ерусалімскія дочкі: ня будзеце, ня турбуйце каханай, пакуль не прачнецца сама.
  5. Хто там ідзе з пустэльні, абапершыся на каханага? Пад яблыняй я разбудзіў цябе: там цябе нарадзіла маці, там нарадзіла родная.
  6. Пячаткай мяне пакладзі на сэрца сваё, пакладзі на рукі, як пярсьцёнак: бо каханьне, як сьмерць — моцнае; рэўнасьць, як пекла — лютая; стрэлы яго — стрэлы вогненныя; яно — полымя непагаснае.
  7. Вялікія воды ня могуць любоў патушыць, і рэкі яе не затопяць. Калі б хто даваў багацьці дома свайго за любоў, іх адхілілі б з пагардай.
  8. Ёсьць у нас сястрыца, малая сястрыца, яшчэ яна грудак ня мае; што рабіць нам зь сястрыцаю нашай, калі прыйдуць сваты да яе?
  9. А калі б яна была сьцяною, мы яе ўмацавалі б срэбнымі зубцамі, калі б яна была дзьвярыма — мы іх ашалявалі б кедровымі дошкамі. Я — сьцяна, і грудзі мае — як вежы;
  10. таму ён ува мне знойдзе апору.
  11. Вінаграднік быў у Саламона ў Ваал-Хамоне: варце даверыў ён вінаграднік; кожны плаціў за плады тысячу срэбрам.
  12. А мой вінаграднік пры мне. Хай тысяча будзе табе, Саламоне, а дзьвесьце — яго вартавым.
  13. О жыхарка садоў! Сябры чуюць твой голас! Дай і мне паслухаць яго.
  14. Бяжы, мой каханы; будзь да сарны падобны, да маладога аленя ў бальзамных горах!

Постоянная ссылка на эту страницу bibleonline.ru/bible/bel/22/08/.

Выбор перевода и языка



© Библия Онлайн, 2003-2017