1. Вось, Гасподзь, Гасподзь Саваоф, адбярэ ў Ерусаліма і ў Юды посах і кій, усякае сілкаваньне хлебам і ўсякае сілкаваньне вадою,
  2. адважнага правадыра і ваяра, судзьдзю і прарока, і празорцу і старца,
  3. пяцідзясяцкага, і заможніка, і радцу, і мудрага мастака, і майстра ў слове.
  4. І дам ім хлапцоў у начальнікі, і дзеці будуць валадарыць над імі.
  5. І ў народзе адзін будзе прыгнятацца другім, і кожны блізкім сваім; малады будзе нахабна заносіцца над старым, і прасталюднік над заможнікам.
  6. Тады ўхопіцца чалавек за брата свайго, у сямэі бацькі свайго, і скажа: «у цябе ёсьць адзеньне, будзь нашым правадыром, і хай будуць гэтыя руіны пад рукою тваёю».
  7. А ён з прысягаю скажа: «не магу загоіць ранаў грамадства; і ў маім доме няма ні хлеба, ні вопраткі; не рабеце мяне правадыром народу».
  8. Так рухнуў Ерусалім, і ўпаў Юда, бо язык іх і дзеі іхнія — супроць Госпада, абразьлівыя вачам славы Ягонай.
  9. Выраз іх твараў сьведчыць супроць іх, і пра грэх свой яны расказваюць адкрыта, як Садомляне, не хаваюць: гора душы іхняй! бо самі на сябе наклікаюць ліха.
  10. Скажэце праведніку, што добра яму: бо ён будзе есьці плады ўчынкаў сваіх;
  11. а беззаконьніку гора: бо будзе яму адплата за дзеі рук ягоных.
  12. Прыгнятальнікі народу Майго — дзеці, і жанчыны валадараць над ім. Народзе Мой! правадыры твае ўводзяць цябе ў аблуду, і дарогу сьцежак тваіх папсавалі.
  13. Паўстаў Гасподзь на суд — і стаіць, каб судзіць народы.
  14. Гасподзь уступае ў суд са старэйшынамі народу Свайго і з князямі яго: вы спустошылі вінаграднік; нарабаванае ў беднага — у вашых дамах.
  15. Навошта ўціскаеце люд Мой і прыгнятаеце бедных? кажа Гасподзь, Гасподзь Саваоф.
  16. І сказаў Гасподзь: за тое, што пышаюцца дочкі Сіёна, і ганарыста ходзяць, падняўшы шыю, і спакушаюць вачыма, і выступаюць гардзейскай хадою, і брынчаць ланцужкі на іхніх нагах,
  17. сьпляшывіць Гасподзь цемя дочкам Сіёна, і адкрые Гасподзь сарамату іхнюю.
  18. У той дзень адбярэ Гасподзь аздобы: прыгожыя ланцужкі на нагах і спражкі, і зорачкі, і дыядэмы,
  19. завушніцы, і пацеркі, і наплечнікі, і вяслы і бранзалеткі, і паясы, і пляшачкі з пахошчамі, і падвескі чароўныя,
  20. пярсьцёнкі і колцы ў нос,
  21. вопратку і сподняе, і хусткі, і кашалькі,
  22. сьветлыя шаты і вэлюмы, і павязкі, і покрывы.
  23. І будзе замест пахошчаў смурод, і замест пояса будзе вяроўка, і замест кудзерак плешына, і замест багатае шаты вярэта цесная, замест хараства кляймо ганьбы.
  24. Мужчыны твае загінуць ад меча, і адважнікі твае — на вайне.
  25. І будуць енчыць і плакаць брамы сталіцы, і будзе яна сядзець на зямлі спусташэньня.

Постоянная ссылка на эту страницу bibleonline.ru/bible/bel/23/03/.

Выбор перевода и языка



© Библия Онлайн, 2003-2016