1. Прароцтва пра пустыню прыморскую. — Як буры на поўдні носяцца, ідзе ён з пустыні, зь зямлі страшнай.
  2. Грозныя відзежы яўлены мне: рабаўнік рабуе, спусташальнік спусташае; выходзь, Эламе, аблажы, Мідзе! усім стогнам я канец пакладу.
  3. Ад гэтага сьцёгны мае трасуцца; боль сьцяў мяне, як боль парадзіху. Я ўсхваляваны тым, што чую; я зьбянтэжаны тым, што бачу.
  4. Сэрца маё трымціць; дрыготка калоціць мяне; радасная ноч мая абярнулася жудасьцю мне.
  5. Рыхтуюць стол, расьсьцілаюць абрусы, — ядуць, п'юць. «Уставайце, князі, мажце шчыты!»
  6. Бо так сказаў мне Гасподзь: ідзі, пастаў вартаўніка; хай ён скажа, што ўбачыць.
  7. І ўбачыў ён верхаўцоў на конях, якія ішлі парамі, верхаўцоў на аслах, верхаўцоў на вярблюдах; і ўслухоўваўся ён пільна, зь вялікай увагаю, —
  8. і закрычаў, як леў: гаспадару мой! я на варце стаяў увесь дзень, і на месцы маім заставаўся цэлыя ночы:
  9. і вось, едуць людзі, верхаўцы конныя парамі. Потым усклікнуў ён і сказаў: загінуў, загінуў Вавілон, і ўсе ідалы божышчаў Ягоных ляжаць на зямлі разьбітыя.
  10. О, памалочаны мой і сыне току майго! Што чуў я ад Госпада Саваофа, Бога Ізраілевага, тое і вам абвясьціў.
  11. Прароцтва пра Думу. — Крычаць мне з Сэіра: варта! якая пара ночы? варта! якая пара ночы?
  12. Адказвае вартаўнік: набліжаецца раніца, але яшчэ ноч. Калі вы дапытваецеся, дык павярнецеся і прыходзьце.
  13. Прароцтва пра Аравію. — У лесе Аравійскім пачуйце, караваны Дэданскія!
  14. Жыхары зямлі Тэмайскай! нясеце вады насустрач сасьмяглым; з хлебам сустракайце ўцекачоў;
  15. бо яны ад мечаў уцякаюць, ад меча аголенага і ад лука няпятага і ад лютай вайны.
  16. Бо так сказаў мне Гасподзь: яшчэ год, роўны год найміцкаму, — і ўся слава Кідарава зьнікне,
  17. і лукаў і адважных сыноў Кідара няшмат: так сказаў Гасподзь Бог Ізраілеў.

Постоянная ссылка на эту страницу bibleonline.ru/bible/bel/23/21/.

Выбор перевода и языка



© Библия Онлайн, 2003-2016