1. Прароцтва пра даліну відзежаў. — Што з табою, што ты ўвесь выйшаў на дахі?
  2. Горад шумны, расхваляваны, горад поўны вясёлага галасу! Пабітыя твае ня мечам забітыя і ня ў бітве памерлі;
  3. усе правадыры твае ўцякалі разам, але былі зьвязаныя лучнікамі; усе воіны твае зьвязаны разам, як ні далёка ўцякалі.
  4. Таму кажу: пакіньце мяне, я паплачу горка; ня сільцеся суцешыць мяне, калі зруйнавана дачка народу майго.
  5. Бо дзень смуты і патаптаньня і закалоту ў даліне відзежаў ад Госпада Бога Саваофа. Рушаць сьцяну, і крык узыходзіць на горы.
  6. І Элам нясе калчан; людзі на калясьніцах і верхаўцы, і Кір падымае шчыт.
  7. І вось, найлепшыя даліны твае напоўніліся калясьніцамі, і верхаўцы вырадаваліся насупраць брамы,
  8. і здымаюць заслону зь Юдэі; і ты паглядзеў таго дня на запасы зброі ў доме кедровым.
  9. Але вы бачыце шмат праломінаў у сьцяне горада Давідавага, і зьбіраеце воды ў ніжняй сажалцы;
  10. і пазначаеце дамы ў Ерусаліме, і разбураеце дамы, каб умацаваць сьцяну;
  11. і ладзіце паміж дзьвюма сьценамі сховішча на воды старое сажалкі. А на Таго, Хто гэта робіць, не пазіраеце, і не глядзіце на Таго, Хто здаўна вызначыў гэта.
  12. І Гасподзь, Гасподзь Саваоф, заклікае вас у гэты дзень плакаць і бедаваць, і пастрыгчы валасы і вярэтаю аперазацца.
  13. Але вось, весялосьць і радасьць! Колюць валоў, і рэжуць авечак; ядуць мяса, і п'юць віно: «будзем есьці і піць, бо заўтра памрэм!»
  14. І адкрыў мне ў вушы Гасподзь Саваоф: ня будзе даравана вам гэта бязбожнасьць, пакуль не памраце, сказаў Гасподзь, Гасподзь Саваоф.
  15. Так сказаў Гасподзь, Гасподзь Саваоф: ідзі, ідзі да гэтага царадворца, да Сэўны, начальніка палаца, і скажы яму:
  16. што ў цябе тут, і хто тут у цябе, што ты тут высякаеш сабе магілу? — Ён высякае сабе магілу на пагорку, вырубае ў скале сабе жытлішча.
  17. Вось, Гасподзь перакіне цябе, як кідае дужы чалавек, і сьцісьне цябе ў камяк;
  18. згорне цябе ў сувой і кіне цябе, як меч, у зямлю прасторную; там ты памрэш, і там раскошныя калясьніцы твае будуць агудаю дому гаспадара твайго.
  19. і саштурхну цябе зь месца твайго, і скіну цябе з прыступкі тваёй.
  20. І будзе таго дня, паклічу раба Майго Эльякіма, сына Хэлкіінавага,
  21. і апрану яго ў адзеньне тваё і поясам тваім аперажу яго, і ўладу тваю перадам у рукі ягоныя; і будзе ён бацькам жыхарам Ерусаліма і дому Юдаваму.
  22. І кліч дома Давідавага пакладу на плечы ягоныя; адчыніць ён, і ніхто не замкне; замкне ён, і ніхто не адчыніць.
  23. І ўваб'ю яго, нібы цьвік, у цьвёрдае месца; і будзе ён як пасад славы дому бацькі свайго.
  24. І будзе вісець на ім уся слава дома бацькі ягонага, дзяцей і ўнукаў, усяго хатняга начыньня да апошніх музычных прыладаў.
  25. У той дзень, кажа Гасподзь Саваоф, расхітаецца цьвік, убіты ў цьвёрдае месца, і будзе выбіты, і ўпадзе, і зьнішчыцца ўвесь цяжар, што на ім: бо Гасподзь кажа.

Постоянная ссылка на эту страницу bibleonline.ru/bible/bel/23/22/.

Выбор перевода и языка



© Библия Онлайн, 2003-2016