1. Вось, Цар будзе цараваць паводле праўды, і князі будуць кіраваць паводле закона;
  2. і кожны зь іх будзе абаронай ад ветру і покрывам ад непагадзі, як крыніцы вады ў стэпе, як цень ад высокай скалы ў зямлі выснаджанай.
  3. І вочы відушчых ня будуць заплюшчвацца, і вушы чуйных будуць слухаць.
  4. І сэрца легкадумных будзе ўмець разважаць; і гаркавыя будуць гаварыць выразна.
  5. Невука ўжо не называцьмуць шаноўным, і пра падступнага ня скажуць, што ён сумленны.
  6. Бо невук гаворыць дурное, і сэрца ягонае намышляе беззаконнае, каб рабіць крывадушна і вымаўляць агуду на Госпада, душу галоднага пазбаўляць хлеба і адбіраць пітво ў сасьмяглага.
  7. У падступнага і ўчынкі згубныя: ён намышляе ліхое, каб загубіць беднага хлусьнёю, хай той бедны і будзе слушны.
  8. А сумленны і думае пра сумленнае і цьвёрды ва ўсім, што сумленнае.
  9. Жанчыны неабачлівыя! устаньце, паслухайце голасу майго; дочкі бестурботныя, прыхілеце вушы да маіх слоў!
  10. Яшчэ некалькі дзён звыш году, і жахнецеся, неабачлівыя! бо ня будзе збору вінаграду, і пара жніва не настане.
  11. Скаланецеся, бястурботныя! жахнецеся, неабачлівыя! і аперажэце сьцёгны.
  12. Будуць біць сябе ў грудзі за цудоўныя палі, за вінаградную лазу пладавітую.
  13. На зямлі народу майго будуць расьці церне і бадзякі, гэтак сама і на ўсіх дамах радасьці ў разьвяселеным горадзе;
  14. бо харомы будуць пакінутыя; шумны горад будзе пакінуты; Афэл і вежа заўсёды будуць служыць замест пячораў, прытулкам дзікім аслам і напасьвеным статкам,
  15. пакуль ня выльецца на нас Дух з высяў, і пустыня ня зробіцца садам, а сад ня будуць лічыць лесам.
  16. Тады суд паселіцца ў гэтай пустыні, і правасудзьдзе будзе жыць на ўрадлівым полі.
  17. І чынам ісьціны будзе мір, і плодам правасудзьдзя — спакайната і бясьпека вечная.
  18. Тады народ мой жыцьме ў селішчы міру і ў селішчах бясьпечных і ў пакоях дабрашчасных.
  19. І град будзе падаць на лес, і горад апусьціцца долу.
  20. Дабрашчасныя вы, што сееце каля ўсіх водаў і пасылаеце туды вала і асла.

Постоянная ссылка на эту страницу bibleonline.ru/bible/bel/23/32/.

Выбор перевода и языка



© Библия Онлайн, 2003-2016