1. Вось, рука Госпада не пакарацела, каб ратаваць, і вуха Яго не ацяжэла, каб чуць.
  2. А беззаконьні вашыя зрабілі падзел паміж вамі і Богам вашым, і грахі вашыя адварочваюць аблічча Яго ад вас, каб ня чуць.
  3. Бо рукі вашыя апаганены крывёю і пальцы вашыя — беззаконьнем; вусны вашыя кажуць ману, язык ваш вымаўляе няпраўду.
  4. Ніхто не падае голасу за праўду, і ніхто не заступаецца за ісьціну: спадзяюцца на пустое і хлусяць, зачынаюць ліха і спараджаюць ліхадзейства;
  5. выседжваюць зьмяіныя яйкі і ткуць павуціну: хто паесьць яек іх, — памрэ, а калі раздушыць, — выпаўзе яхідна.
  6. Павуціньне іхняе на вопратку няпрыдатнае, і яны не накрыюцца сваім творам; учынкі іхнія — учынкі няправедныя, і насільле ў руках у іх.
  7. Ногі іхнія бягуць ад ліха, і яны сьпяшаюцца праліваць нявінную кроў; думкі іхнія — думкі бязбожныя; спусташэньне і пагібель на сьцежках іхніх.
  8. Шляху спакойнага яны ня ведаюць, і няма суду на сьцежках іхніх; шляхі іхнія скрыўленыя, і ніхто, калі ідзе па іх, ня ведае спакою.
  9. Таму і далёкі ад нас суд, і правасудзьдзе не дастае нас: чакаем сьвятла, і вось цемра, — азарэньня, і ходзім у змроку.
  10. Адчуваем, як сьляпыя сьцяну, і, як без вачэй, ходзім навобмацак; спатыкаемся аполудні, як упоцемках, сярод жывых — як мёртвыя.
  11. Усе мы равем, як мядзьведзі, і вуркочам, як галубы; чакаем суду, і няма яго, — ратунку, але ён далёкі ад нас.
  12. Бо злачынствы нашыя шматлікія перад Табою, і грахі нашыя сьведчаць супроць нас; бо злачынствы нашыя з намі і беззаконьні нашыя мы ведаем.
  13. Мы здрадзілі і зманілі перад Госпадам, і адступіліся ад Бога нашага; гаварылі паклёп і здраду, зачыналі і нараджалі з сэрца ілжывыя словы.
  14. І суд адступіў назад, і праўда стала здалёку, бо ісьціна спатыкнулася на плошчы, і сумленнасьць ня можа ўвайсьці.
  15. І ня стала ісьціны, і той, хто бяжыць ад ліха, падпадае пад зьнявагу. І Гасподзь убачыў гэта, і агідна было вачам Яго, што няма суду,
  16. і бачыў, што няма чалавека, і зьдзіўляўся, што няма заступніка; і памагла Яму сіла Яго, і праўда Ягоная падтрымала Яго.
  17. І Ён усклаў на Сябе праўду, як браню, і шлем ратунку — галаву Сваю; і апрануўся ў шату мсьцівасьці, як у вопратку, і пакрыў Сябе руплівасьцю, як плашчом.
  18. Па меры адпомсты, паводле гэтай меры Ён дасьць праціўнікам Сваім — лютасьць, ворагам Сваім — помстаю, выспам аддасьць мусовую плату.
  19. І збаяцца імені Госпада на захадзе і славы Яго — на ўсходзе сонца. Калі вораг прыйдзе як рака, — подых Госпада прагоніць яго.
  20. І прыйдзе Адкупнік Сіёна і сыноў Якава, што адвярнуліся ад бязбожнасьці, кажа Гасподзь.
  21. І вось, запавет Мой зь імі, кажа Гасподзь: Дух Мой, які на табе, і словы Мае, якія ўклаў Я ў вусны твае, не адступяць ад вуснаў тваіх і ад вуснаў нашчадкаў тваіх і ад вуснаў нашчадкаў нашчадкаў тваіх, кажа Гасподзь, ад сёньня і давеку.

Постоянная ссылка на эту страницу bibleonline.ru/bible/bel/23/59/.

Выбор перевода и языка



© Библия Онлайн, 2003-2016