1. І было слова Гасподняе мне:
  2. ідзі і абвясьці ў вушы дачцэ Ерусаліма: так кажа Гасподзь; Я ўспамінаю дружнасьць маладосьці тваёй, пра каханьне тваё, калі ты была нявеста, калі пайшла сьледам за Мною ў пустыню, у зямлю незасеяную.
  3. Ізраіль быў сьвятыняю Госпада, пачаткам пладоў Ягоных: усе, што паядалі яго, асуджаліся, бедства спасьцігла іх, кажа Гасподзь.
  4. Паслухайце слова Гасподняе, доме Якаўлеў і ўсе роды дому Ізраілевага!
  5. Так кажа Гасподзь: якую няпраўду знайшлі ўва Мне бацькі вашыя, што адышлі ад Мяне і пайшлі за марнасьцю, і змарнелі;
  6. і не сказалі: дзе Гасподзь, Які вывеў нас зь зямлі Егіпецкай, вёў нас па пустыні, па зямлі пустой і неабжытай, па зямлі сухой, па зямлі ценю сьмяротнага, па якой ніхто не хадзіў і дзе ня жыў чалавек?
  7. І Я ўвёў вас у зямлю плодную, каб вы карміліся пладамі яе і дабром яе; і вы ўвайшлі і апаганілі зямлю Маю, і набытак Мой зрабілі мярзотаю.
  8. Сьвятары не казалі: дзе Гасподзь? і настаўнікі закона ня ведалі Мяне, і пастыры адпаліся ад Мяне, і прарокі прарочылі ў імя Валаала і хадзілі сьледам за тымі, якія не дапамагаюць.
  9. Таму Я яшчэ буду судзіцца з вамі, кажа Гасподзь, і з сынамі сыноў вашых буду судзіцца.
  10. Бо ідзеце на выспы Хітымскія і паглядзеце, і пашлеце ў Кедар і разьведайце старанна і разгледзьце, ці было там што падобнае да гэтага?
  11. ці памяняў які-небудзь народ багоў сваіх, хоць яны і не багі? а Мой народ памяняў славу сваю на тое, што не дапамагае.
  12. Падзівуйцеся з гэтага, нябёсы, і здрыганецеся і жахнецеся, кажа Гасподзь.
  13. Бо два ліхі ўчыніў народ Мой: Мяне, крыніцу вады жывой пакінулі і высеклі сабе вадаёмы разьбітыя, якія ня могуць трымаць вады
  14. Хіба Ізраіль раб? альбо ён дамачадзец? чаму ён зрабіўся здабычаю?
  15. Зарыкалі на яго маладыя ільвы, падалі голас свой і зрабілі зямлю яго пустэльняю; гарады яго спалены, без жыхароў.
  16. І сыны Мэмфіса і Тафны аб'елі цемя тваё.
  17. Ці ня ўчыніў ты сабе гэтага тым, што занядбаў Госпада Бога твайго ў той час, калі Ён вёў цябе па дарозе?
  18. І сёньня навошта табе дарога ў Егіпет, каб піць ваду зь Ніла? і навошта табе дарога ў Асірыю, каб піць ваду з ракі яе?
  19. Пакарае цябе бязбожнасьць твая, і адступніцтва тваё выкрые цябе: дык вось, спазнай і разваж, як блага і горка тое, што ты занядбаў Госпада Бога твайго, і страху Майго няма ў табе, кажа Гасподзь Бог Саваоф.
  20. Бо даўно я паламаў ярмо тваё, парваў путы твае, і ты казаў: «ня буду служыць ідалам», а тым часам на кожным высокім пагорку і пад кожным галінастым дрэвам ты блудадзейнічаў.
  21. Я пасадзіў цябе як высакародную лазу, — найчысьцейшае насеньне; як жа ты ператварылася ў Мяне ў дзікі парастак чужой лазы?
  22. Таму хоць бы ты ўмыўся мылам і шмат ужыў на сябе шчолаку, — бязбожнасьць твая пазначана перад Мною, кажа Гасподзь Бог.
  23. Як можаш ты сказаць: «я не апаганіў сябе, я не хадзіў па сьледзе Ваала? паглядзі на паводзіны свае ў даліне, уведай, што рабіла ты, увішная вярблюдзіца, якая ганяецца па шляхах тваіх?
  24. Дзікую асьліцу, якая прывыкла да пустыні, якая ў запале душы сваёй глытае паветра, хто можа стрымаць? Усе, хто шукае яе, ня стомяцца; у яе месяцы яны знойдуць яе.
  25. Не давай нагам тваім атоптваць абутак, і гартані тваёй — таміцца ад смагі. Але ты сказаў: не спадзявайся, не! бо люблю чужых і буду хадзіць па сьледзе іхнім.
  26. Як злодзей, калі зловяць яго, бывае пасаромлены, — так пасароміў сябе дом Ізраілеў: яны, цары іхнія, князі іхнія, і сьвятары іхнія, і прарокі іхнія,
  27. кажучы дрэву: »ты мой бацька«, і каменю: »ты нарадзіў мяне«; бо яны абярнуліся да мяне сьпінаю, а ня тварам; а ў час бедства свайго будуць казаць: »устань і выратуй нас!«
  28. Дзе ж багі твае, якіх ты зрабіў сабе? — хай яны ўстануць, калі могуць выратаваць цябе ў час бедства твайго; бо колькі ў цябе гарадоў, столькі і багоў у цябе, Юда.
  29. Навошта вам спаборнічаць са Мною? — усе вы зграшылі супроць Мяне, кажа Гасподзь.
  30. Марна пабіваў Я дзяцей вашых: яны не прынялі настаўленьня на розум; прарокаў вашых пажыраў меч ваш, як зьнішчальны леў.
  31. О, родзе! уважце вы слову Гасподняму; ці быў Я пустэльняю дому Ізраілеваму? ці быў Я краінаю змроку? Навошта ж народ Мой кажа: мы самыя сабе гаспадары; мы ўжо ня прыйдзем да Цябе?
  32. Ці ж забывае дзяўчына акрасы свае і нявеста — убор свой? а народ Мой забыў Мяне, — няма ліку дням.
  33. Як умела кіруеш ты дарогі твае, каб здабываць любоў! і дзеля гэтага нават са злачынствамі стасавала ты дарогі твае.
  34. Нават на полках вопраткі тваёй ёсьць кроў людзей бедных, невінаватых, якіх ты не засьпела пры ўзломе: і нягледзячы на ўсё гэта,
  35. кажаш: як бо я невінаватая, дык, мусіць, гнеў Яго адхінецца ад мяне. — Вось, Я буду судзіцца з табою за тое, што кажаш: »я не зграшыла".
  36. Навошта ты так многа бадзяешся, мяняючы дарогу тваю? Ты гэтак сама будзеш пасаромленая і Егіптам, як была пасаромлена Асірыяй;
  37. і ад яго ты выйдзеш, паклаўшы рукі на галаву, бо адхіліў Гасподзь надзеі твае, і ня мецьмеш зь імі посьпеху.

Постоянная ссылка на эту страницу bibleonline.ru/bible/bel/24/02/.

Выбор перевода и языка



© Библия Онлайн, 2003-2017