1. Справядлівы будзеш Ты, Госпадзе, калі я пачну судзіцца з Табою; і аднак жа буду гаварыць з Табою пра правасудзьдзе; чаму шлях бязбожных пасьпяховы, і ўсе вераломныя дабрашчасьцяцца?
  2. Ты пасадзіў іх, і яны ўкараніліся, вырасьлі і даюць плод. У іхніх вуснах Ты блізкі, але далёкі ад сэрца іх.
  3. А мяне, Госпадзе, Ты ведаеш, бачыш мяне і выпрабоўваеш сэрца маё, якое яно к Табе. Аддзялі іх, як авечак на закол, і падрыхтуй іх на дзень забіваньня.
  4. Ці доўга будзе жаліцца зямля, і трава на ўсіх палях — сохнуць? быдла і птушкі гінуць за бязбожнасьць жыхароў яе; бо яны кажуць: Ён ня ўбачыць, што з намі будзе.
  5. Калі ты зь пешымі бег, і яны стамілі цябе, як жа табе спаборнічаць з конямі? і калі ў краіне мірнай ты быў у бясьпецы, дык што будзеш рабіць у павадак Ярдана.
  6. Бо і браты твае і дом бацькі твайго, і яны вераломна ўчыняюць з табою, і яны крычаць усьлед табе гучным голасам. Ня вер ім, калі яны кажуць табе і добрае.
  7. Я пакінуў Мой дом; пакінуў надзел Мой; самае ласкавае душы Маёй аддаў у рукі ворагаў яго.
  8. Доля Мая зрабілася Мне як леў у лесе; узвысіла на Мяне голас свой: за тое я ўзьненавідзеў яе.
  9. Доля Мая зрабілася ў Мяне, як стракатая птушка, на якую з усіх бакоў напалі іншыя драпежныя птушкі. Ідзеце, зьбірайцеся ўсе польныя зьвяры: ідзеце жэрці яго.
  10. Мноства пастухоў сапсавалі Мой вінаграднік, вытапталі нагамі дзялянку Маю; любімую дзялянку Маю зрабілі пустым стэпам,
  11. зрабілі яе пустыняю, і ў запусьценьні яна плача перад Мною; уся зямля спустошана, бо ніводзін чалавек не бярэ гэтага да сэрца.
  12. На ўсе горы ў пустыні прыйшлі спусташальнікі; бо меч Госпада пажырае ўсё ад аднаго краю зямлі да другога: няма міру ніякай плоці.
  13. Яны сеялі пшаніцу, а зжалі церне; вымучыліся, і не атрымалі ніякай карысьці; пасаромейцеся ж такіх прыбыткаў вашых з прычыны палымянага гневу Госпада.
  14. Так кажа Гасподзь пра ўсіх ліхіх маіх суседзяў, якія нападаюць на надзел, які Я даў у спадчыну народу Майму, Ізраілю: вось, Я вырву іх зь зямлі іхняй, і дом Юдаў вырву з асяродзьдзя іх.
  15. Але пасьля таго, як Я вырву іх, зноў вярну і памілую іх, і прывяду кожнага ў надзел ягоны, і кожнага — у зямлю яго.
  16. І калі яны не навучацца шляхоў народу Майго, каб прысягаць імем Маім «жывы Гасподзь», як яны навучылі народ Мой прысягаць Ваалам, — дык уцьвердзяцца сярод народу Майго.
  17. Калі ж не паслухаюцца, дык Я выкарчую і зусім ўзьнішчу такі народ, кажа Гасподзь.

Постоянная ссылка на эту страницу bibleonline.ru/bible/bel/24/12/.

Выбор перевода и языка



© Библия Онлайн, 2003-2016