1. І было мне слова Гасподняе:
  2. не бяры сабе жонкі, і хай ня будзе ў цябе ні сыноў, ні дачок на месцы гэтым.
  3. Бо так кажа Гасподзь пра сыноў і дачок, якія народзяцца на месцы гэтым, і пра матак іхніх, якія народзяць іх, і пра бацькоў іх, якія зачнуць іх на гэтай зямлі:
  4. цяжкімі сьмерцямі памруць яны і ня будуць ні аплаканыя, ні пахаваныя; будуць гноем на паверхні зямлі; мечам і голадам будуць вынішчаны, і трупы іх будуць ежаю птушкам нябесным і зьвярам зямным.
  5. Бо так кажа Гасподзь: не ўваходзь у дом тых, што бядуюць, і не хадзі плакаць і жаліцца зь імі; бо Я адабраў у гэтага народа, кажа Гасподзь, мір Мой і ласку і шкадаваньне.
  6. І памруць вялікія і малыя на зямлі гэтай; і ня будуць пахаваныя, і ня будуць аплакваць іх, ні рваць сябе, ні стрыгчыся дзеля іх.
  7. І ня будуць ламаць дзеля іх хлеб у журбоце на ўцеху па нябожчыку; і не пададуць ім чары суцяшэньня, каб піць па бацьку іх і маці іх.
  8. Не хадзі таксама і ў дом баляваньня, каб сядзець зь імі, есьці і піць;
  9. бо так кажа Гасподзь Саваоф, Бог Ізраілеў: вось, Я спыню на месцы гэтым і ў дні вашыя голас радасьці і голас весялосьці, голас жаніха і голас нявесты.
  10. Калі ты перакажаш народу гэтаму ўсе гэтыя словы, і яны скажуць табе: «за гэта сказаў на нас Гасподзь усё гэта вялікае бедства, і якая наша няпраўда, і які наш грэх, якім зграшылі мы перад Госпадам Богам нашым?»
  11. тады скажы ім: за тое, што бацькі вашыя пакінулі Мяне, кажа Гасподзь, і пайшлі сьледам за іншымі божышчамі і слугавалі ім і пакланяліся ім, а Мяне пакінулі і закона Майго ня трымаліся.
  12. А вы робіце яшчэ горш за бацькоў вашых і жывяце кожны паводле ўпартасьці злога сэрца свайго, каб ня слухаць Мяне.
  13. За гэта выкіну вас зь зямлі гэтай у зямлю, якой ня ведалі ні вы, ні бацькі вашыя, і там будзеце служыць іншым божышчам дзень і ноч; бо я не прыхілюся да вас мілажальнасьцю.
  14. Таму вось, прыходзяць дні, кажа Гасподзь, калі ня будуць ужо казаць: «жывы Гасподзь, Які вывеў сыноў Ізраілевых зь зямлі Егіпецкай»,
  15. а: «жывы Гасподзь, Які вывеў сыноў Ізраілевых зь зямлі паўночнай і з усіх земляў, у якія выгнаў іх»; бо вярну іх у зямлю іхнюю, якую Я даў бацькам іхнім.
  16. Вось, Я пашлю мноства рыбаловаў, кажа Гасподзь, і будуць лавіць іх; а потым пашлю мноства паляўнічых, і яны пагоняць іх з кожнай гары і з кожнага пагорка і зь цясьнін скал.
  17. Бо вочы Мае — на ўсіх шляхах іхніх; яны не схаваны ад аблічча Майго, і няпраўда іх не схавана ад вачэй Маіх.
  18. І дам ім найперш за няпраўду іхнюю і за падвойны грэх іхні, бо апаганілі зямлю Маю, трупамі гнюсотных сваіх і мярзотамі сваімі напоўнілі спадчыну Маю.
  19. Госпадзе! сіла мая і моц мая і прыстанішча маё ў дзень смутку! да Цябе прыйдуць народы ад краёў зямлі і скажуць: «толькі няпраўду спадкавалі нашы бацькі, пустату і тое, у чым ніякай няма карысьці».
  20. Ці можа чалавек зрабіць сабе божышчаў, якія зрэшты не багі?
  21. Таму, вось Я пакажу ім сёньня, пакажу ім руку Маю і магутнасьць Маю, і ўведаюць, што імя Маё — Гасподзь.

Постоянная ссылка на эту страницу bibleonline.ru/bible/bel/24/16/.

Выбор перевода и языка



© Библия Онлайн, 2003-2016