1. А ты, сыне чалавечы, вазьмі сабе востры нож, брытву цырульніцкую вазьмі сабе і вадзі ёю па галаве тваёй і па барадзе тваёй, і вазьмі сабе вагі і разьдзялі валасы на часткі.
  2. Траціну спалі агнём пасярод горада, калі закончацца дні аблогі; траціну вазьмі і пасячы нажом у ваколіцах яго; і траціну разьвей па ветры; а Я агалю меч следам за імі.
  3. І вазьмі з гэтага невялікую колькасьць і завяжы іх сабе ў крысьсе.
  4. Але і з гэтага вазьмі яшчэ і кінь у агонь, і спалі гэта ў агні. Адтуль выйдзе агонь на ўвесь дом Ізраілеў.
  5. Так кажа Гасподзь Бог: гэта — Ерусалім! Я паставіў яго сярод народаў, і вакол яго — землі.
  6. А ён зрабіў насуперак пастановам Маім бязбожней за язычнікаў, і насуперак статутам Маім — горш, чым землі вакол яго; бо яны адкінулі пастановы Мае і паводле статутаў Маіх ня чыняць.
  7. Таму так кажа Гасподзь Бог: за тое, што вы памножылі правіны вашыя болей, чым язычнікі, якія вакол вас, паводле статутаў Маіх ня чыніце і пастановаў Маіх ня выконваеце, і нават ня робіце паводле пастановаў язычнікаў, якія вакол вас,
  8. таму так кажа Гасподзь Бог: вось і Я супроць цябе, Я Сам, і ўчыню сярод цябе суд на вачах у язычнікаў.
  9. І зраблю над табою тое, чаго Я ніколі не рабіў і чагосьці падобнага далей не рабіцьму, за ўсе твае гідоты.
  10. Затое бацькі будуць есьці сыноў сярод цябе, і сыны будуць есьці бацькоў сваіх; і ўчыню над табою суд, і ўсю рэшту тваю расьсею па ўсіх вятрах.
  11. Таму, жыву Я, кажа Гасподзь Бог: за тое, што ты апаганіў сьвятыню Маю ўсімі гідотамі і ўсімі гнюсотамі тваімі, Я зьнікчэмню, і не пашкадуе вока Маё, і Я не ўмілажалюся зь цябе.
  12. Траціна ў цябе памрэ ад пошасьці і загіне з голаду сярод цябе; траціна загіне ад меча ў ваколіцах тваіх; а траціну разьвею па ўсіх вятрах, і агалю меч сьледам за імі.
  13. І распаліцца гнеў Мой, і наталю лютасьць Маю імі, і задаволюся; і даведаюцца, што Я, Гасподзь, гаварыў у клопаце Маім, калі ўчыніцца над імі лютасьць Мая.
  14. І зраблю цябе пустэльняю і ганьбаю сярод народаў, якія вакол цябе, на вачах у кожнага, хто праходзіць міма.
  15. І будзеш пасьмешышчам і ганьбаю, прыкладам і жахам у народаў, якія вакол цябе, калі я зьдзейсьню над табою суд у гневе і лютасьці, і ў лютых карах, Я Гасподзь мовіў гэта,
  16. і калі пашлю на іх лютыя стрэлы голаду, якія будуць нішчыць, калі пашлю іх на пагібель вам і ўзмацню голад сярод вас, і струшчу хлебную апору ў вас,
  17. і пашлю на вас голад і лютых зьвяроў, і пазбавяць цябе дзяцей; і пошасьць і кроў пройдзе па табе, і меч навяду на цябе; Я, Гасподзь, мовіў гэта.

Постоянная ссылка на эту страницу bibleonline.ru/bible/bel/26/05/.

Выбор перевода и языка



© Библия Онлайн, 2003-2017