1. І было на шостым годзе, на шостым месяцы, у пяты дзень месяца, сядзеў я ў доме маім, і старэйшыны Юдэйскія сядзелі перад абліччам маім, і сышла на мяне там рука Госпада Бога.
  2. І ўбачыў я: і вось падабенства, як бы вогненнае, і ад сьцёгнаў яго і ніжэй — агонь, і ад сьцёгнаў яго і вышэй — як бы зьзяньне, як бы сьвятло полымя.
  3. І працягнуў Ён як бы руку і ўзяў мяне за валасы галавы маёй, і падняў мяне Дух паміж зямлёю і небам і прынёс мяне ва ўявах Божых у Ерусалім да ўваходу ўнутранае брамы, павернутай на поўнач, дзе пастаўлены быў ідал рупнасьці, які абуджае рупнасьць.
  4. І вось там была слава Бога Ізраілевага, падобная на тую, якую я бачыў на полі.
  5. І сказаў мне: сыне чалавечы! падымі вочы твае на поўнач, і я падняў вочы мае на поўнач, і вось, з паўночнага боку каля брамы ахвярніка — той ідал рупнасьці пры ўваходзе.
  6. І сказаў Ён мне: сыне чалавечы! ці бачыш ты, што яны робяць? вялікія гідоты, якія робіць дом Ізраілеў тут, каб Я адышоў ад сьвятыні Маёй? Але павярніся, і ты ўбачыш яшчэ большыя гідоты.
  7. І прывёў мяне да ўваходу ў двор, і я зірнуў, і вось у сьцяне — адтуліна.
  8. І сказаў мне: сыне чалавечы! пракапай сьцяну; і я пракапаў сьцяну і вось нейкія дзьверы.
  9. І сказаў мне: увайдзі і паглядзі на агідныя гнюсоты, якія яны робяць тут.
  10. І я ўвайшоў, і бачу, і вось усялякія выявы паўзуноў і нячыстых жывёл і ўсялякія ідалы дома Ізраілевага, напісаныя на сьценах навакол.
  11. І семдзесят мужоў са старэйшынаў дома Ізраілевага стаяць перад імі і Езанія, сын Сафанаў, сярод іх; і ў кожнага ў руцэ — сваё кадзіла, і густое воблака пахошчаў узносіцца ўгору.
  12. І сказаў мне: бачыш, сыне чалавечы, што робяць старэйшыны дому Ізраілевага ў цемры, кожны ў сваім расьпісаным пакоі? бо кажуць: «ня бачыць нас Гасподзь, пакінуў Гасподзь зямлю гэтую».
  13. І сказаў мне: абярніся, і ўбачыш яшчэ большыя гідоты, якія яны робяць.
  14. І прывёў мяне да ўваходу ў браму дома Гасподняга, якая на поўнач, і вось, там сядзяць жанчыны і плачуць па Тамузе,
  15. і сказаў мне: бачыш, сыне чалавечы? абярніся, і ўбачыш яшчэ большыя гідоты.
  16. І ўвёў мяне ва ўнутраны двор дома Гасподняга, і вось, каля брамы храма Гасподняга, паміж бабінцам і ахвярнікам, каля трыццаці пяці мужоў стаяць сьпінамі сваімі да Гасподняга храма, а тварамі сваімі да ўсходу, і кланяюцца на ўсход сонцу.
  17. І сказаў мне: бачыш, сыне чалавечы? ці мала дому Юдаваму, каб рабіць такія гідоты, якія яны робяць тут? але яны яшчэ зямлю напоўнілі крыўдаю, і тым болей гневаюць Мяне, і вось, яны галінкі падносяць да насоў сваіх.
  18. Затое і Я пачну дзейнічаць люта; не пашкадуе вока Маё, і не памілую; і хай хоць бы крычалі ў вушы Мае моцным голасам, — не пачую іх.

Постоянная ссылка на эту страницу bibleonline.ru/bible/bel/26/08/.

Выбор перевода и языка



© Библия Онлайн, 2003-2016