1. У дванаццатым годзе, у дванаццатым месяцы, у першы дзень месяца, было мне слова Гасподняе:
  2. сыне чалавечы! узьнясі плач па фараоне, цары Егіпецкім, і скажы яму: ты, як малады леў сярод народаў і як пачварына ў морах, кідаешся ў рэках тваіх і каламуціш нагамі тваімі воды, і топчаш патокі іх.
  3. Так кажа Гасподзь Бог: Я закіну на цябе сетку Маю на сходзе многіх народаў, і яны выцягнуць цябе Маёю мярэжаю.
  4. І выкіну цябе на зямлю, у чыстым полі кіну цябе, і будуць садзіцца на цябе ўсякія нябесныя птушкі і насычацца табою зьвяры ўсёй зямлі.
  5. І раскідаю мяса тваё па горах, і даліны напоўню тваімі трупамі.
  6. І зямлю плаваньня твайго напаю крывёю тваёю да самых гор: і калдобіны будуць напоўнены табою.
  7. І калі ты патухнеш, зачыню нябёсы і зоркі на іх зацьмлю, сонца засланю хмараю, і месяц ня будзе сьвяціцца сьвятлом сваім.
  8. Усе сьвяцілы, што сьвецяцца на нябёсах, запамрочу над табою і на зямлю тваю навяду цемру, кажа Гасподзь Бог.
  9. Зьбянтэжу сэрца многіх народаў, калі агалашу пра падзеньне тваё паміж народаў па землях, якіх ты ня ведаў.
  10. І зжахну табою многія народы, і цары іхнія скалануцца па табе ад страху, калі мечам Маім страсяну перад абліччам іхнім, і штохвіліны будуць трымцець кожны за душу сваю ў дзень падзеньня твайго.
  11. Бо так кажа Гасподзь Бог: меч цара Вавілонскага прыйдзе на цябе.
  12. Ад мечаў дужых загіне народ твой; усе яны — самыя лютыя з народаў, і зьнішчаць гонар Егіпта, і загіне ўсё мноства ягонае.
  13. І вынішчу ўсё быдла яго каля вялікіх водаў, і наперад ня будзе каламуціць іх нага чалавечая, і капыты быдла ня будуць каламуціць іх.
  14. Тады дам спакой водам іхнім, і зраблю, што рэкі іхнія пацякуць, як алей, кажа Гасподзь Бог.
  15. Калі зраблю зямлю Егіпецкую пустыняю, і калі пазбудзецца зямля ўсяго, што напаўняе яе; калі паб'ю ўсіх, хто жыве на ёй, тады ўведаюць, што Я — Гасподзь.
  16. Вось сьлёзная песьня, якую будуць сьпяваць; дочкі народаў будуць сьпяваць яе; па Егіпце і па ўсім мностве яго будуць сьпяваць яе, кажа Гасподзь Бог.
  17. У дванаццатым годзе, у пятнаццаты дзень таго самага месяца, было мне слова Гасподняе:
  18. сыне чалавечы! аплач народ Егіпецкі, і скінь яго, яго і дочак славутых народаў у апраметную, з тымі, што адыходзяць у магілу.
  19. Каго ты пераўзыходзіш? сыдзі, і ляжы зь неабрэзанымі.
  20. Тыя ўпадуць сярод забітых мечам, і ён аддадзены мечу; цягнеце яго і ўсё мноства яго.
  21. Сярод апраметнай будуць гаварыць пра яго і пра спрымірэнцаў ягоных першыя з герояў; яны загінулі і ляжаць там сярод неабрэзаных, пабітыя мечам.
  22. Там Асур і ўсё полчышча ягонае, вакол яго труны іхнія, усе пабітыя, зваяваныя мечам.
  23. Труны яго пастаўлены ў самай глыбіні апраметнай, і полчышча яго вакол грабніцы ягонай, усе пабітыя, што загінулі ад меча, тыя, якія пашыралі жудасьць на зямлі жывых.
  24. Там Элам з усім мноствам сваім вакол магільніцы ягонай, усе яны — пабітыя, што загінулі ад меча, якія неабрэзанымі сышлі ў апраметную, якія распаўсюдзілі сабою жах на землі жывых і нясуць ганьбу сваю з тымі, што адышлі ў магілу.
  25. Сярод пабітых далі ложак яму з усім мноствам ягоным; вакол яго — труны іхнія, усе неабрэзаныя, пабітыя мечам: і як ён пашыраў жах на зямлі жывых, дык і нясуць на сабе ганьбу нароўні з тымі, што адышлі ў магілу і пакладзены сярод пабітых.
  26. Там Мэшэх і Тувал з усім мноствам сваім; вакол яго — труны іхнія, усе неабрэзаныя, пабітыя мечам, бо яны разносілі жах па зямлі жывых.
  27. Ці не павінны і яны ляжаць зь мёртвымі неабрэзанымі героямі, якія з вайсковай зброяй сваёю сышлі ў апраметную і мечы свае паклалі сабе пад галовы, і засталася пахібнасьць іхняя на касьцях іхніх, бо яны, як дужыя, былі жудасьцю на зямлі жывых.
  28. І ты будзеш зламаны сярод неабрэзаных і ляжаць з пабітымі мечам.
  29. Там — Эдом і цары яго і ўсе князі яго, якія пры ўсёй сваёй адвазе пакладзены сярод пабітых мечам; яны ляжаць зь неабрэзанымі, што сышлі ў магілу.
  30. Там уладары поўначы, усе яны і ўсе Сіданяне, якія сышлі туды з пабітымі, бо былі пасаромленыя ў магутнасьці сваёй, што наводзіла жах, — і ляжаць яны зь неабрэзанымі, пабітымі мечам, і нясуць ганьбу сваю з тымі, што адышлі ў магілу.
  31. Убачыць іх фараон і суцешыцца ўсім мноствам сваім, пабітым мечам, фараон і ўсё войска ягонае, кажа Гасподзь Бог.
  32. Бо Я пашыру страх Мой на зямлі жывых, і пакладзены будзе фараон і ўсё мноства ягонае сярод неабрэзаных з пабітымі мечам, кажа Гасподзь Бог.

Постоянная ссылка на эту страницу bibleonline.ru/bible/bel/26/32/.

Выбор перевода и языка



© Библия Онлайн, 2003-2016