1. Ня радуйся, Ізраіле, да захапленьня, як іншыя народы, бо ты блудадзейнічаеш, аддаліўшыся ад Бога твайго: любіш блудадзейныя дарункі на ўсіх гумнах.
  2. Гумно і чавільня ня будзе карміць іх, і надзея на вінаградны сок ашукае іх.
  3. Ня будуць яны жыць на зямлі Гасподняй: Яфрэм вернецца ў Егіпет, і ў Асірыі будуць есьці нячыстае.
  4. Ня будуць ліць Госпаду віна, і не да спадобы Яму будуць ахвяры іхнія; яны будуць ім, як хлеб хаўтурны: усе, што будуць есьці яго, апаганяцца, бо хлеб іхні — для душы іхняй, а ў дом Гасподні ён ня ўвойдзе.
  5. Што рабіцьмеце ў дзень урачыстасьці і ў дзень сьвята Гасподняга?
  6. Бо вось, яны сыдуць з прычыны спусташэньня; Егіпет зьбярэ іх, Мэмфіс пахавае іх; каштоўнасьцямі іх з срэбра завалодае крапіва, калючае церне будзе ў намётах іхніх.
  7. Прыйшлі дні наведваньня, прыйшлі дні аддачы. Хай жа ўведае Ізраіль, што дурны прадказальнік, бяз розуму той, хто выдае сябе за натхнёнага, з прычыны мноства беззаконьняў тваіх і вялікай варожасьці!
  8. Яфрэм — вартаўнік каля Бога майго; прарок — сетка птушкалова на ўсіх дарогах ягоных; змуста — у доме Бога ягонага.
  9. Глыбока ўпалі яны, разбэсьціліся, як за дзён Гівы; Ён успомніў бязбожнасьць іхнюю, пакарае іх за грахі іхнія.
  10. Як вінаград у пустыні, Я знайшоў Ізраіля; як першую ягадзіну на смакоўніцы, у першы час яе, убачыў я бацькоў вашых, — але яны пайшлі да Ваалфэгора і аддаліся ганебшчыне, і самі зрабіліся мярзотнымі, як тыя, якіх палюбілі.
  11. У Яфрэмлянаў, як птушка, паляціць слава: ні нараджэньня, ні цяжарнасьці, ні зачацьця.
  12. А хоць бы яны і выхавалі дзяцей сваіх, адбяруць іх; бо гора ім, калі адыду ад іх!
  13. Яфрэм, як Я бачыў яго да Тыра, пасаджаны на цудоўнай мясцовасьці; аднак Яфрэм выведзе дзяцей сваіх да забойцы.
  14. Дай ім, Госпадзе… што Ты дасі ім? Дай ім вантробу няплодную і сухія саскі.
  15. Усё ліха іхняе — у Галгале: там Я зьненавідзеў іх за ліхія дзеі іхнія; выганю іх з дома Майго, ня буду болей любіць іх; усе князі іхнія — адступнікі.
  16. Пабіты Яфрэм; высах корань іх, — ня будуць прыносіць яны плоду, а калі і будуць радзіць, Я ўсьмерчу пахацінскі плод нутрыны іхняй.
  17. Адкіне іх Бог мой, бо яны не паслухаліся Яго, — і будуць валацугамі паміж народамі.

Постоянная ссылка на эту страницу bibleonline.ru/bible/bel/28/09/.

Выбор перевода и языка



© Библия Онлайн, 2003-2016