1. Спустошана будзе Самарыя, бо паўстала супраць Бога свайго: ад меча ўпадуць яны, дзеці іхнія будуць разьбіты, і цяжарныя іхнія будуць расьсечаныя.
  2. Зьвярніся, Ізраіле, да Бога твайго: бо ты ўпаў ад бязбожнасьці тваёй.
  3. Вазьмеце з сабою малітоўныя словы і зьвярнецеся да Госпада; кажэце яму: «адбяры ўсякае беззаконьне і прымі на дабро, і мы прынясём ахвяру вуснаў нашых.
  4. Асур ня будзе ўжо ратаваць нас; ня будзем садзіцца на каня і ня будзем болей гаварыць вырабу рук нашых: багі нашыя; бо ў Цябе мілажальнасьць да сіротаў».
  5. Улекую адпадзеньне іхняе, палюблю іх паводле ўпадабаньня; бо гнеў Мой адвярнуўся ад іх.
  6. Я буду расою Ізраілю; ён расьцьвіце, як лілея, і пусьціць карэньне, як Ліван.
  7. Расшырыцца гольле яго, — і будзе прыгажосьць ягоная, як масьліны, і пахошчы ад яго, як ад Лівана.
  8. Вернуцца тыя, якія сядзелі пад ценем ягоным, будуць багатыя хлебам — і расьцьвітуць, як вінаградная лаза, славутыя будуць, як віно Ліванскае.
  9. «Што мне яшчэ да ідалаў?» скажа Яфрэм. — Я пачую яго і прыгледжу яго; Я буду як зялёны кіпарыс: ад Мяне будуць табе плады.
  10. Хто мудры, каб разумець гэта? хто разумны, каб спазнаць гэта? бо правільныя шляхі Гасподнія, і праведнікі ходзяць па іх, а беззаконныя загінуць на іх.

Постоянная ссылка на эту страницу bibleonline.ru/bible/bel/28/14/.

Выбор перевода и языка



© Библия Онлайн, 2003-2017