1. І сказаў я: слухайце, галовы Якава і князі дома Ізраілевага: ці ж ня вам трэба ведаць праўду?
  2. А вы ненавідзіце добрае і любіце ліхое; лупіце зь іх скуру іхнюю і плоць з касьцей іхніх,
  3. ясьце плод народу Майго і лупіце зь іх скуру іхнюю, а косьці іх ламаеце і крышыце як бы ў горшчык, і плоць — як бы ў кацёл.
  4. І будуць яны заклікаць да Госпада, але Ён не пачуе іх і схавае аблічча Сваё ад іх на той час, як яны зладзейнічаюць.
  5. Так казаў Гасподзь на прарокаў, якія ўводзяць у аблуду народ Мой, якія грызуць зубамі сваімі — і прапаведуюць мір, а хто нічога не кладзе ім у рот, супроць таго абвяшчаюць вайну.
  6. Таму ноч будзе вам замест уявы і цемра — замест прадказаньняў; зойдзе сонца над прарокамі і пацямнее дзень над імі.
  7. І пасаромеюцца празорліўцы, і пасаромленыя будуць варажбіты, і замкнуць вусны свае ўсе яны, таму што ня будзе адказу ад Бога.
  8. А я напоўнены сілаю Духа Гасподняга, праўды і цьвёрдасьці, каб выказаць Якаву злачынства яго і Ізраілю — грэх ягоны.
  9. Слухайце ж гэта, галовы дому Якаўлевага і князі дому Ізраілевага, якія грэбуюць правасудзьдзем і скрыўляюць усё простае,
  10. будуюць Сіён крывёю і Ерусалім — няпраўдаю!
  11. Галовы яго судзяць за дарункі і сьвятары яго вучаць за плату і прарокі яго прадказваюць за грошы, а тым часам абапіраюцца на Госпада, кажучы: «ці не сярод вас Гасподзь? Не спасьцігне нас бяда!»
  12. Таму за вас Сіён узараны будзе як поле, і Ерусалім зробіцца грудай руінаў, і гара дома гэтага будзе лясістым пагоркам.

Постоянная ссылка на эту страницу bibleonline.ru/bible/bel/33/03/.

Выбор перевода и языка



© Библия Онлайн, 2003-2016