1. Прароцтва пра Нінэвію; кніга ўяваў Навума Элкасэяніна.
  2. Гасподзь ёсьць Бог руплівец і помсьнік; помсьнік Гасподзь і страшны ў гневе: помсьнік Гасподзь ворагам Сваім, і ня зьлітуецца з супраціўцаў Сваіх.
  3. Гасподзь шматцярплівы і вялікі магутнасьцю і не пакідае без пакараньня; у віхуры і ў буры шэсьце Госпада, воблака — пыл ад ног Ягоных.
  4. Загадае Ён мору — і яно высыхае, і ўсе рэкі перасыхаюць; вяне Васан і Карміл, і блякне квет на Ліване.
  5. Горы трасуцца перад Ім, і пагоркі растаюць, і зямля хістаецца перад абліччам Ягоным, і сусьвет і ўсе, што жывуць на ёй.
  6. Перад абурэньнем Яго хто ўстоіць? І хто сьцерпіць полымя гневу Яго? Гнеў Яго разьліваецца як агонь; скалы распадаюцца перад Ім.
  7. Добры Гасподзь, — прыстанак у дзень скрухі — і ведае тых, што на Яго спадзяюцца,
  8. але ўсепатопным павадкам разбурыць дашчэнту Нінэвію, і ворагаў Яго спасьцігне морак.
  9. Што намышляеце вы супроць Госпада? Ён учыніць зьнішчэньне, і бедства ўжо не паўторыцца.
  10. бо пераплеценыя паміж сабою, як цярноўнік і ўпітыя, як п'яніцы, яны пажэртыя будуць начыста, як сухая салома.
  11. Зь цябе павёўся той, хто намысьліў ліхое супроць Госпада, хто склаў змову бязбожную.
  12. Так кажа Гасподзь: хоць яны бясьпечныя і шматлікія, але яны будуць пасечаны і зьнікнуць; а цябе, хоць Я абцяжарваў, больш абцяжарваць ня буду.
  13. І сёньня Я скрышу ярмо ягонае, якое ляжыць на табе, і путы твае парву.
  14. А пра цябе, Асур, Гасподзь вызначыў: ня будзе болей насеньня з тваім імем; з дома бога твайго зьнішчу балваноў і куміраў, падрыхтую табе ў ім магілу, бо ты будзеш у пагардзе.
  15. Вось, на горах — ступакі дабравесьніка, які абвяшчае мір: сьвяткуй, Юдэя, сьвяты твае, выконвай твае абяцаньні, бо ня будзе болей праходзіць па табе бязбожнік: ён зусім зьнішчаны.

Постоянная ссылка на эту страницу bibleonline.ru/bible/bel/34/01/.

Выбор перевода и языка



© Библия Онлайн, 2003-2016