1. І прарочае слова Госпада на зямлю Хадрах, і на Дамаску яно спыніцца; бо вока Госпада на ўсіх людзей, як і на ўсе плямёны Ізраілевыя,
  2. і на Эмат, сумежны зь ім, і на Тыр і Сідон, бо ён вельмі ўмудрыўся.
  3. І зладзіў сабе Тыр крэпасьць, назапасіў срэбра, як пылу, і золата, як вулічнай гразі.
  4. Вось, Гасподзь зрабіў яго бедным і паб'е сілу ягоную ў моры, і сам ён будзе зьнішчаны агнём.
  5. Угледзіць гэта Аскалон і жахнецца, і Газа, і затрымціць моцна, і Экрон; бо паганьбіцца надзея яго: ня будзе цара ў Газе, і Аскалон будзе незаселены.
  6. Чужое племя будзе жыць у Азоце, і Я зьнішчу пыху Філістымлянаў.
  7. Вырву кроў з вуснаў яго і мярзоты ягоныя зь яго зубоў, і ён дастанецца Богу нашаму і будзе, як тысячнік у Юдзе, і Экрон будзе, як Евусэй.
  8. І Я разьмяшчу табар каля дома Майго супроць войска, супроць тых, што ходзяць наперад і назад, і ня будзе больш прыходзіць прыгнятальнік; бо сёньня Маімі вачыма Я буду глядзець на гэта.
  9. Весяліся ад радасьці, дачка Сіёна: радуйся, дачка Ерусаліма: вось, Цар твой ідзе да цябе, праведны і ратавальны, лагодны, седзячы на асьліцы і на маладым асьле, сыне пад'ярэмнай.
  10. Тады зьнішчу калясьніцы ў Яфрэма і коней у Ерусаліме, і зламаны будзе баявы лук; і Ён абвесьціць мір народам, і валадарства Ягонае будзе ад мора да мора і ад ракі да краёў зямлі.
  11. А што да цябе, дзеля крыві запавету твайго Я вызвалю вязьняў тваіх з рова, у якім няма вады.
  12. Вяртайцеся на цьвярдыню вы, палонныя з надзеяю! Што цяпер узьвяшчаю, аддам табе ўдвая.
  13. Бо як лук Я напну Сабе Юду і напоўню лук Яфрэмам, і падыму сыноў тваіх, Сіёне, супроць сыноў тваіх, Янія, і зраблю цябе мечам барацьбіта.
  14. І явіцца над імі Гасподзь, і, як маланка, вылеціць страла Яго, і загрыміць Гасподзь Бог трубою і крочыць будзе ў бурах паўдзённых.
  15. Гасподзь Саваоф будзе абараняць іх, і яны будуць зьнішчаць і таптаць прашчавыя камяні і будуць піць і шумець як ад віна, і напоўняцца як ахвярныя чашы, як куты ахвярніка.
  16. І выратуе іх Гасподзь Бог іхні ў той дзень, як авечак, народ Свой; бо, падобна да каменя ў вянку, яны зазьзяюць на зямлі Ягонай.
  17. О, якая вялікая даброць ягоная і якое хараство Яго! Хлеб ажывіць язык у хлопцаў і віно — у дзяўчатак!

Постоянная ссылка на эту страницу bibleonline.ru/bible/bel/38/09/.

Выбор перевода и языка



© Библия Онлайн, 2003-2017