1. Калі ж Ісус нарадзіўся ў Віфляеме Юдэйскім у дні цара Ірада, вось, мудрацы з усходу прыйшлі ў Ерусалім і кажуць:
  2. дзе народжаны Цар Юдэйскі? бачылі бо мы зорку Яго на ўсходзе і прыйшлі пакланіцца Яму.
  3. Пачуўшы гэта, цар Ірад занепакоіўся, і ўвесь Ерусалім зь ім.
  4. І сабраўшы ўсіх першасьвятароў і кніжнікаў народных, пытаўся ў іх: дзе мбе нарадзіцца Хрыстос?
  5. Яны ж сказалі яму: у Віфляеме Юдэйскім, так бо напісана праз прарока:
  6. «І ты, Віфляеме, зямля Юдава, нічым ня меншы сярод ваяводстваў Юдавых, бо зь цябе выйдзе Правадыр, Які ўсьцеражэ народ мой Ізраіля».
  7. Тады Ірад, употай паклікаўшы мудрацоў, выведаў у іх час зьяўленьня зоркі
  8. і, паслаўшы іх у Віфляем, сказаў: ідзеце, добра разьведайце пра Дзіця і, як знойдзеце, накажэце мне, каб і я пайшоў пакланіцца Яму.
  9. Яны, выслухаўшы цара, пайшлі. І вось, зорка, якую бачылі яны на ўсходзе, ішла перад імі, пакуль, прыйшоўшы, ня стала ўгары над месцам, дзе было Дзіця.
  10. Угледзеўшы зорку, яны ўсьцешыліся радасьцю вельмі вялікай,
  11. і, увайшоўшы ў дом, убачылі Дзіця з Марыяю, Маці Яго, і, упаўшы, пакланіліся Яму; і адкрыўшы скарбы свае, прынесьлі Яму дары: золата, ладан і сьмірну.
  12. І ў сьне атрымаўшы наказ не вяртацца да Ірада, іншай дарогай адышлі ў краіну сваю.
  13. Калі ж яны адышлі, — вось, анёл Гасподні яўляецца ў сьне Язэпу і кажа: устань, вазьмі Дзіця і Маці Ягоную, і ўцякай у Егіпет, і будзь там, пакуль не скажу табе, бо Ірад хоча шукаць Дзіцятка, каб загубіць Яго.
  14. Ён устаў, узяў Дзіця і Маці Ягоную, і адышоў у Егіпет,
  15. і быў там да Ірадавай сьмерці, каб збылося сказанае Госпадам праз прарока, які кажа: «З Егіпта паклікаў Я Сына Майго».
  16. Тады Ірад, убачыўшы, што мудрацы ашукалі яго, разгневаўся надта і паслаў пазабіваць усіх дзетак у Віфляеме і ва ўсіх межах яго, ад двух гадоў і ніжэй, паводле часу, які выведаў у мудрацоў.
  17. Тады збылося сказанае праз прарока Ерамію, які кажа:
  18. «Голас у Раме чуцен, плач, і галашэньне, і лямант вялікі; Рахіль плача па дзецях сваіх і ня хоча суцешыцца; бо іх няма».
  19. А як Ірад памёр, — вось, анёл Гасподні ў сьне яўляецца Язэпу ў Егіпце
  20. і кажа: устань, вазьмі Дзіця і Маці Ягоную і ідзі ў зямлю Ізраілеву; бо памерлі тыя, што шукалі душы Дзіцяці.
  21. Ён устаў, узяў Дзіця і Маці Ягоную і прыйшоў у зямлю Ізраілеву.
  22. Але пачуўшы, што Архелай валадарыць ў Юдэі замест Ірада, бацькі свайго, пабаяўся туды ісьці; і атрымаўшы ў сьне наказ, адышоў у межы Галілейскія,
  23. і, прыйшоўшы, пасяліўся ў горадзе, які называецца Назарэт, каб збылося сказанае праз прарокаў, што Ён Назарэем назавецца.

Постоянная ссылка на эту страницу bibleonline.ru/bible/bel/40/02/.

Выбор перевода и языка



© Библия Онлайн, 2003-2016