1. Ня судзеце, каб і вас ня судзілі;
  2. бо якім судом судзіце, такім вас судзіць будуць; і якою мераю мерыце, такою і вам будуць мерыць.
  3. І што ты глядзіш на парушынку ў воку брата твайго, а калоды ў воку сваім не адчуваеш?
  4. Альбо, як скажаш брату свайму: «Дай, я выму парушынку з вока твайго»; а вось у тваім воку калода?
  5. Крывадушнік! вымі спачатку калоду са свайго вока, і тады ўбачыш, як выняць парушынку з вока брата твайго.
  6. Не давайце сьвятога сабакам і ня кідайце пэрлаў вашых перад сьвіньнямі, каб яны не стапталі іх нагамі сваімі і, абярнуўшыся, не разадралі вас.
  7. Прасеце, і дасца вам; шукайце, і знойдзеце; стукайцеся, і адчыняць вам;
  8. бо кожны, хто просіць, атрымлівае, і, хто шукае, знаходзіць, і хто стукаецца, таму адчыняць.
  9. Ці ёсьць сярод вас такі чалавек, які, калі папросіць сын ягоны ў яго хлеба, камень падаў бы яму?
  10. і калі рыбы папросіць, зьмяю падаў бы яму?
  11. Дык вось, калі вы, ліхія, умееце дары добрыя даваць вашым дзецям, тым болей Айцец ваш, Які ёсьць у нябёсах, дасьць даброты тым, хто просіць у Яго.
  12. І вось усё, што хочаце, каб рабілі вам людзі, тое і вы рабеце ім; бо ў гэтым закон і прарокі.
  13. Уваходзьце вузкаю брамаю; бо шырокая брама і прасторная дарога вядуць у пагібель, і многія ідуць імі;
  14. бо вузкая брама і цесная дарога вядуць у жыцьцё, і нямногія знаходзяць іх.
  15. Асьцерагайцеся ілжывых прарокаў, якія прыходзяць да вас у авечай адзежы, а ўсярэдзіне — ваўкі драпежныя;
  16. па іхніх пладах пазнаеце іх. Ці ж зьбіраюць зь цярноўніку вінаград, альбо зь дзядоўніку смоквы?
  17. Так усякае добрае дрэва родзіць і плады добрыя, а благое дрэва родзіць і плады благія:
  18. ня можа добрае дрэва радзіць благія плады, ні дрэва благое радзіць плады добрыя.
  19. Усякае дрэва, якое ня родзіць плоду добрага, сьсякаюць і кідаюць у вагонь.
  20. Дык вось, па пладах іхніх пазнаеце іх.
  21. Ня кожны, хто кажа Мне: «Госпадзе! Госпадзе!» увойдзе ў Царства Нябеснае, а той, хто выконвае волю Айца Майго, Які ёсьць у нябёсах.
  22. Многія скажуць Мне ў той дзень: «Госпадзе! Госпадзе! ці не ад Твайго імя мы прарочылі? і ці не Тваім імем дэманаў выганялі? і ці не Тваім імем многія цуды ўчынялі?».
  23. І тады абвяшчу ім: «Я ніколі ня знаў вас; адыдзеце ад Мяне, вы, што робіце беззаконьне».
  24. Дык вось, кожны, хто слухае гэтыя словы Мае і выконвае іх, прыпадобніцца да мужа разумнага, які збудаваў свой дом на камені;
  25. і паліўся дождж, і разьліліся рэкі, і падзьмулі вятры, і рынуліся на той дом; і ён ня ўпаў, бо пастаўлены быў на камені.
  26. А кожны, хто слухае гэтыя словы Мае і ня выконвае іх, прыпадобніцца да мужа неразважлівага, які паставіў свой дом на пяску;
  27. і паліўся дождж, і разьліліся рэкі, і падзьмулі вятры, і налеглі на дом той; і ён упаў, і было падзеньне яго вялікае.
  28. І сталася, калі Ісус прамовіў гэтыя словы, дзівавалі людзі з вучэньня Яго,
  29. бо Ён іх вучыў як той, хто мае ўладу, а не як кніжнікі і фарысэі.

Постоянная ссылка на эту страницу bibleonline.ru/bible/bel/40/07/.

Выбор перевода и языка



© Библия Онлайн, 2003-2016