1. Калі Ён сышоў з гары, за Ім сьледам пайшло мноства людзей.
  2. І вось, падышоў пракажоны і, кланяючыся Яму, сказаў: Госпадзе! калі хочаш, можаш мяне ачысьціць.
  3. Ісус, працягнуўшы руку, дакрануўся да яго і сказаў: хачу, ачысьціся. І адразу ачысьціўся той ад праказы.
  4. І кажа яму Ісус: глядзі, не кажы нікому; але ідзі, пакажыся сьвятару, і прынясі дар, аб якім загадаў Майсей, на сьведчаньне ім.
  5. Калі ж увайшоў Ісус у Капернаум, падышоў да Яго сотнік і папрасіў у Яго:
  6. Госпадзе! слуга мой ляжыць дома ў паралічы і моцна пакутуе,
  7. Ісус кажа яму: Я прыйду і ацалю яго.
  8. А сотнік сказаў Яму ў адказ: Госпадзе! я ня варты, каб Ты ўвайшоў пад мой дах; але скажы толькі слова, і выздаравее слуга мой;
  9. бо і я чалавек падуладны; і, маючы ў сябе ў падначаленьні вояў, кажу аднаму: «ідзі», і прыходзіць; і слузе майму: «зрабі тое», і робіць.
  10. Пачуўшы гэта, Ісус зьдзівіўся і сказаў тым, што ішлі за Ім: праўду кажу вам: і ў Ізраілі не знайшоў Я такое веры.
  11. Кажу ж вам, што многія з усходу і з захаду прыйдуць і ўзьлягуць з Абрагамам, Ісаакам і Якавам у Царстве Нябесным;
  12. а сыны царства будуць выкінуты ў цемру вонкавую, там будзе плач і скрыгат зубоў.
  13. І сказаў Ісус сотніку: ідзі, і, як ты вераваў, хай будзе табе. І выздаравеў слуга ягоны ў тую ж гадзіну.
  14. Прыйшоўшы ў дом Пятра, Ісус убачыў цешчу ягоную, якая ляжала ў гарачцы,
  15. і дакрануўся да рукі яе, і пакінула яе гарачка; і ўстала яна і слугавала ім.
  16. Калі ж зьвечарэла, прывялі да Яго многа людзей, апанаваных дэманамі: і Ён выгнаў духаў словам і ўсіх нядужых ацаліў;
  17. каб збылося сказанае праз прарока Ісаю, які кажа: «Ён узяў на Сябе нашы немачы, і хваробы панёс».
  18. Калі ж Ісус убачыў вакол Сябе мноства люду, загадаў вучням адплысьці на той бок.
  19. І адзін кніжнік, падышоўшы, сказаў Яму: Настаўнік! я пайду за Табою, куды б Ты ні пайшоў.
  20. І кажа яму Ісус: лісы маюць норы, і птушкі нябесныя гнёзды; а Сын Чалавечы ня мае, дзе прыхіліць галаву.
  21. А другі, з вучняў, сказаў Яму: Госпадзе, дазволь мне сьпярша пайсьці і пахаваць майго бацьку.
  22. Але Ісус сказаў яму: ідзі за Мною, і пакінь мёртвым хаваць сваіх памерлых.
  23. І калі ўвайшоў Ён у лодку, увайшлі за Ім вучні Ягоныя.
  24. І вось, бура вялікая сталася на моры, ажно лодку захліствалі хвалі; а Ён спаў.
  25. І вучні Ягоныя, падышоўшы да Яго, разбудзілі Яго і сказалі: Госпадзе! ратуй нас, гінем.
  26. І кажа ім: чаго вы спалохаліся, малаверы? Тады, устаўшы, забараніў вятрам і мору, і сталася ціша вялікая.
  27. А людзі, дзівуючыся, казалі: хто Гэты, што і вятры, і мора слухаюцца Яго?
  28. І калі прыплыў Ён на другі бераг у краіну Гергесінскую, сустрэлі Яго, выйшаўшы з магіл, двое апанаваных дэманамі, вельмі лютыя, так што ніхто ня мог праходзіць тою дарогаю.
  29. І вось, яны закрычалі: што Табе да нас, Ісусе, Сыне Божы? прыйшоў Ты сюды дачасна мучыць нас.
  30. А зводдаль ад іх пасьвіўся вялікі гурт сьвіней.
  31. І дэманы прасіліся ў Яго: калі выганіш нас, дык пашлі нас у гурт сьвіней.
  32. І Ён сказаў ім: ідзеце. І выйшлі яны, і пайшлі ў гурт сьвіней. І вось, кінуўся ўвесь гурт сьвіны з урвішча ў мора і загінуў у вадзе.
  33. А пастухі паўцякалі і, прыйшоўшы ў горад, расказалі пра ўсё, і пра апанаваных дэманамі.
  34. І вось, увесь горад выйшаў на сустрэчу Ісусу; і, убачыўшы Яго, прасілі, каб Ён адышоў ад іх межаў.

Постоянная ссылка на эту страницу bibleonline.ru/bible/bel/40/08/.

Выбор перевода и языка



© Библия Онлайн, 2003-2016