1. І, паклікаўшы дванаццаць вучняў Сваіх, Ён даў ім уладу над нячыстымі духамі, каб выганяць іх, і ацаляць усякую хваробу і ўсякую немач.
  2. А дванаццацёх апосталаў імёны вось такія: першы Сымон, якога называюць Пятром, і Андрэй, брат ягоны, Якаў Зевядзееў і Ян, брат ягоны.
  3. Піліп і Барталамей, Тамаш і Мацьвей мытнік, Якаў Алфееў і Леўвей, празваны Тадэем,
  4. Сымон Кананіт і Юда Іскарыёт, які і здрадзіў Яму.
  5. Гэтых дванаццацёх паслаў Ісус і запавядаў ім, кажучы: на шлях язычнікаў не хадзеце і ў горад Самаранскі ня ўваходзьце;
  6. а ідзеце найболей да пагіблых авечак дому Ізраілевага;
  7. і ходзячы, прапаведуйце, што наблізілася Царства Нябеснае;
  8. хворых ацаляйце, пракажоных ачышчайце, мёртвых уваскрашайце, дэманаў выганяйце; задарам атрымалі, задарам давайце.
  9. Не бярэце з сабою ні золата, ні срэбра, ні медзі ў паясы свае,
  10. ні торбы ў дарогу, ні дзьве вопраткі, ні абутку, ні кія. Бо хто працуе, той варты пракорму.
  11. У які горад ці селішча вы ні ўвайшлі б, даведайцеся, хто ў ім годны, і там заставайцеся, пакуль ня выйдзеце;
  12. а ўваходзячы ў дом, вітайце яго, кажучы: «мір дому гэтаму»;
  13. і калі дом будзе годны, дык сыйдзе мір ваш на яго; калі ж ня будзе годны, дык мір ваш да вас вернецца.
  14. А калі хто ня прыме вас і не паслухаецца слоў вашых, дык, выходзячы з дома, альбо з горада таго, абцярушэце пыл з ног вашых;
  15. праўду кажу вам: лягчэй будзе зямлі Садомскай і Гаморскай у дзень судны, чым гораду таму.
  16. Вось, Я пасылаю вас, як авечак сярод ваўкоў: дык вось, будзьце мудрыя, як зьмеі, і простыя, як галубы.
  17. Сьцеражэцеся ж людзей: бо яны аддаваць будуць вас у судзілішчы і ў сынагогах сваіх біць будуць вас,
  18. і павядуць вас да правіцеляў і да цароў за Мяне на сьведчаньне перад імі і язычнікамі.
  19. Калі ж будуць выдаваць вас, ня турбуйцеся, як або што сказаць; бо дадзена будзе вам у той час, што сказаць;
  20. бо ня вы будзеце гаварыць, а Дух Айца вашага гаварыць будзе ў вас.
  21. І выдасьць брат брата на сьмерць, і бацька — сына; і паўстануць дзеці на бацькоў і заб'юць іх;
  22. і будзеце зьненавіджаныя ўсімі за імя Маё; а хто вытрывае да канца, уратаваны будзе.
  23. Калі ж будуць вас гнаць у адным горадзе, уцякайце ў другі, бо праўду кажу вам: не пасьпееце абысьці гарадоў Ізраілевых, як прыйдзе Сын Чалавечы.
  24. Вучань ня вышэйшы за настаўніка, і слуга ня вышэйшы за гаспадара свайго.
  25. Даволі вучню, каб ён быў, як настаўнік ягоны, і слузе, каб ён быў, як гаспадар ягоны. Калі гаспадара дома назвалі Вэльзэвулам, дык ці ня тым болей хатніх яго?
  26. Дык вось, ня бойцеся іх: бо няма нічога схаванага, што ня выкрылася б, і таемнага, што ня было б уведана.
  27. Што кажу вам у цемры, кажэце пры сьвятле; і што на вуха чуеце, прапаведуйце з дахаў.
  28. І ня бойцеся тых, што забіваюць цела, але ж душы забіць ня могуць; а бойцеся болей Таго, Хто можа і душу, і цела загубіць у геене.
  29. Ці ж ня дзьве маленькія птушкі прадаюцца за асарый? І ніводная зь іх не ўпадзе на зямлю бяз волі Айца вашага;
  30. а ў вас і валасы на галаве ўсе палічаны;
  31. дык ня бойцеся: вы лепшыя за многіх маленькіх птушак.
  32. Дык вось, кожнага, хто вызнае Мяне перад людзьмі, таго вызнаю і Я перад Айцом Маім, Які ёсьць у нябёсах;
  33. а хто зрачэцца Мяне перад людзьмі, таго зракуся і Я перад Айцом Маім, Які ёсьць у нябёсах.
  34. Ня думайце, што Я прыйшоў прынесьці мір на зямлю; ня мір прыйшоў Я прынесьці, а меч;
  35. бо Я прыйшоў падзяліць чалавека з бацькам ягоным, і дачку з маці яе, і нявестку са сьвякрухай яе.
  36. І ворагі чалавеку — хатнія ягоныя.
  37. Хто любіць бацьку ці маці больш за Мяне, ня варты Мяне; і хто любіць сына ці дачку больш за Мяне, ня варты Мяне;
  38. і хто не бярэ крыжа свайго і ня йдзе сьледам за Мною, той ня варты Мяне.
  39. Хто зьберагае душу сваю, страціць яе; а хто страціў душу сваю за Мяне, зьберажэ яе.
  40. Хто прымае вас, Мяне прымае; а хто Мяне прымае, прымае Таго, Хто паслаў Мяне;
  41. хто прымае прарока ў імя прарока, узнагароду прарокавую атрымае; і хто прымае праведніка ў імя праведніка, узнагароду праведнікавую атрымае.
  42. І хто напоіць аднаго з малых гэтых толькі кубкам халоднай вады ў імя вучня, праўду кажу вам, ня страціць узнагароды сваёй.

Постоянная ссылка на эту страницу bibleonline.ru/bible/bel/40/10/.

Выбор перевода и языка



© Библия Онлайн, 2003-2016