1. І сталася, калі закончыў Ісус настаўленьні дванаццаці вучням Сваім, перайшоў адтуль вучыць і прапаведаваць у гарадах іхніх.
  2. А Ян, пачуўшы ў цямніцы пра дзеі Хрыстовыя, паслаў двух вучняў сваіх
  3. сказаць Яму: ці Той Ты, Які павінен прыйсьці, ці чакаць нам другога?
  4. І сказаў ім Ісус у адказ: ідзеце, скажэце Яну, што чуеце і бачыце:
  5. сьляпыя робяцца відушчымі і кульгавыя ходзяць, пракажоныя ачышчаюцца і глухія чуюць, мёртвыя ўваскрасаюць, і ўбогія зьвястуюць,
  6. і дабрашчасны той, хто не спакусіцца празь Мяне.
  7. Калі ж пайшлі яны, Ісус пачаў гаварыць людзям пра Яна: што глядзець хадзілі вы ў пустыню? ці ня трысьцінку, ветрам калыханую?
  8. Што ж глядзець хадзілі вы? ці не чалавека, у мяккія шаты апранутага? тыя, што носяць мяккія шаты, жывуць у харомах царскіх.
  9. Што ж глядзець хадзілі вы? прарока? Так, кажу вам, нават больш, чым прарока.
  10. Бо ён той, пра якога напісана: «вось, Я пасылаю анёла Майго перад абліччам Тваім, які падрыхтуе шлях Твой перад Табою».
  11. Праўду кажу вам: сярод народжаных жанчынамі не паўставаў большы за Яна Хрысьціцеля; але найменшы ў Царстве Нябесным большы за яго.
  12. Ад дзён жа Яна Хрысьціцеля да сёньня Царства Нябеснае дасягаецца сілаю, і тыя, што руплівасьць ужываюць, здабываюць яго;
  13. бо ўсе прарокі і закон прадвясьцілі да Яна.
  14. І калі хочаце прыняць, ён ёсьць Ільля, які мае прыйсьці.
  15. Хто мае вушы, каб чуць, няхай чуе.
  16. Да каго ж прыпадобню род гэты? Падобны ён да дзяцей, якія сядзяць на рынку і, зьвяртаючыся да сваіх сяброў,
  17. кажуць: «мы гралі вам на жалейцы, а вы не скакалі; мы сьпявалі вам песьні журботныя, а вы не галасілі».
  18. Бо прыйшоў Ян, ня есьць, ня п'е; і кажуць: «у ім дэман».
  19. Прыйшоў Сын Чалавечы, есьць і п'е; і кажуць: «вось, чалавек, які любіць есьці і піць віно, прыяцель мытнікаў і грэшнікаў». І апраўдана мудрасьць дзецьмі яе.
  20. Тады пачаў Ён дакараць гарады, у якіх найбольш праявіліся сілы Яго, бо яны не пакаяліся.
  21. Гора табе, Харазіне! гора табе, Віфсаіда! бо калі б у Тыры і Сідоне явіліся сілы, яўленыя ў вас, дык даўно б яны ў вярэце і ў попеле пакаяліся;
  22. але кажу вам: Тыру і Сідону лягчэй будзе ў дзень судны, чым вам.
  23. І ты, Капернауме, што да неба ўзвысіўся, да пекла зрынешся; бо калі б у Садоме явіліся сілы, яўленыя ў табе, дык ён прастаяў бы па сёньняшні дзень;
  24. але кажу вам, што зямлі Садомскай лягчэй будзе ў дзень судны, чым табе.
  25. Тым часам, далей прамаўляючы, Ісус сказаў: слаўлю Цябе, Войча, Госпадзе неба і зямлі, што Ты ўтоіў гэта ад мудрых і разумных і адкрыў тое дзецям;
  26. так, Войча! бо такое было Тваё ўпадабаньне.
  27. Усё Мне перададзена Айцом Маім, і ніхто ня ведае Сына, толькі Айцец; і Айца ня ведае ніхто, толькі Сын, і каму Сын хоча адкрыць.
  28. Прыйдзеце да Мяне, усе струджаныя і прыгнечаныя, і Я супакою вас;
  29. вазьмеце ярмо Маё на сябе і навучэцеся ад Мяне, бо Я лагодны і пакорлівы сэрцам; і знойдзеце спакой душам вашым;
  30. бо ярмо Маё добрае, і цяжар Мой лёгкі.

Постоянная ссылка на эту страницу bibleonline.ru/bible/bel/40/11/.

Выбор перевода и языка



© Библия Онлайн, 2003-2016