1. Тады прыходзяць да Ісуса Ерусалімскія кніжнікі і фарысэі і кажуць:
  2. навошта вучні Твае парушаюць звычай старцаў? бо ня ўмываюць рук сваіх, калі ядуць хлеб.
  3. А Ён сказаў ім у адказ: навошта і вы парушаеце запаведзь Божую дзеля звычаю вашага?
  4. Бо Бог запаведаў, сказаўшы: шануй бацьку і маці; і: хто ліхасловіць бацьку альбо маці, сьмерцю хай памрэ.
  5. А вы кажаце: калі хто скажа бацьку альбо маці: «дар Богу — тое, чым бы ты ад мяне карыстаўся»,
  6. той можа і не ўшанаваць бацьку альбо маці сваю; такім чынам вы скасавалі запаведзь Божую дзеля звычаю вашага.
  7. Крывадушнікі! добра прарочыў пра вас Ісая, кажучы:
  8. «Набліжаюцца да Мяне людзі гэтыя вуснамі сваімі і шануюць Мяне языком; а сэрца іхняе далёка адлягае ад Мяне;
  9. але марна шануюць Мяне, навучаючы вучэньням, запаведзям чалавечым».
  10. І паклікаўшы люд, сказаў яму: слухайце і разумейце:
  11. ня тое, што ўваходзіць у вусны, апаганьвае чалавека; а што выходзіць з вуснаў, тое апаганьвае чалавека.
  12. Тады вучні Ягоныя, прыступіўшы, сказалі Яму: ці ведаеш, што фарысэі, пачуўшы слова гэтае, запаняверыліся?
  13. А Ён сказаў у адказ: усякая расьліна, якую не Айцец Мой Нябесны пасадзіў, выкараніцца,
  14. пакіньце іх: яны — сьляпыя павадыры сьляпых; а калі сьляпы сьляпога вядзе, дык абодва ў яму ўпадуць.
  15. А Пётр сказаў Яму ў адказ: растлумач нам прытчу гэтую.
  16. Ісус сказаў: няўжо і вы яшчэ ня маеце разуменьня?
  17. ці яшчэ не разумееце, што ўсё, што ўваходзіць у вусны, праходзіць у чэрава і праз кішку выходзіць?
  18. а што выходзіць з вуснаў — з сэрца выходзіць; і гэта апаганьвае чалавека;
  19. бо з сэрца выходзяць ліхія намыслы, забойствы, пералюбы, распуста, крадзяжы, ілжывыя сьведчаньні, зьнявагі:
  20. гэта апаганьвае чалавека; а есьці няўмытымі рукамі — не апаганьвае чалавека.
  21. І выйшаўшы адтуль, адышоў Ісус у межы Тырскія і Сідонскія.
  22. І вось, жанчына Хананэянка, выйшаўшы з тых мясьцін, закрычала Яму: памілуй мяне, Госпадзе, Сыне Давідаў, дачку маю цяжка мучыць дэман.
  23. Але Ён не адказаў ёй ні слова. І вучні Ягоныя, прыступіўшы, прасілі Яго, кажучы: адпусьці яе, бо крычыць за намі.
  24. А Ён сказаў у адказ: Я пасланы толькі да пагіблых авечак дому Ізраілевага.
  25. А яна, падышоўшы, кланялася Яму, кажучы: Госпадзе! памажы мне.
  26. А Ён сказаў у адказ: нядобра — узяць хлеб у дзяцей і кінуць шчанятам.
  27. Яна ж сказала: так, Госпадзе! але і шчаняты ядуць крошкі, якія падаюць са стала гаспадароў іхніх.
  28. Тады Ісус сказаў ёй у адказ: жанчына! вялікая вера твая, хай станецца табе, як ты хочаш. І выздаравела яе дачка ў тую ж гадзіну.
  29. Перайшоўшы адтуль, прыйшоў Ісус да мора Галілейскага і, узышоўшы на гару, сеў там.
  30. І прыступіла да Яго мноства людзей, маючы з сабою кульгавых, сьляпых, нямых, зьнявечаных і іншых многіх, і паклалі іх да ног Ісусавых; і Ён ацаліў іх,
  31. так што людзі зьдзіўляліся, бачачы, як нямыя гавораць, зьнявечаныя здаравеюць, кульгавыя ходзяць і сьляпыя бачаць; і праслаўлялі Бога Ізраілевага.
  32. А Ісус, паклікаўшы вучняў Сваіх, сказаў ім: шкада Мне людзей, бо ўжо тры дні застаюцца пры Мне, і няма чаго ім есьці; і адпусьціць іх няеўшых не хачу, каб не аслаблі ў дарозе.
  33. І кажуць Яму вучні Ягоныя: адкуль нам узяць у пустыні столькі хлябоў, каб накарміць столькі людзей?
  34. І кажа ім Ісус: колькі ў вас хлябоў? А яны адказалі: сем, і трошкі рыбак.
  35. І загадаў людзям узьлегчы на зямлю.
  36. І, узяўшы сем хлябоў і рыбы, узьнёс падзяку, пераламаў і даў вучням Сваім, а вучні — людзям.
  37. І елі ўсе, і наеліся; і набралі рэшты кавалкаў сем кашоў поўных;
  38. А тых, што елі, было чатыры тысячы чалавек, акрамя жанчын і дзяцей.
  39. І адпусьціўшы народ, Ён увайшоў у лодку і прыбыў у межы Магдалінскія.

Постоянная ссылка на эту страницу bibleonline.ru/bible/bel/40/15/.

Выбор перевода и языка



© Библия Онлайн, 2003-2017