1. І сталася: калі прамовіў Ісус усе словы гэтыя, дык сказаў вучням Сваім:
  2. вы ведаеце, што праз два дні Пасха будзе, і Сын Чалавечы выданы будзе на крыжаваньне.
  3. Тады сабраліся першасьвятары і кніжнікі і старэйшыны народу ў двор першасьвятара, якога звалі Каяфа,
  4. і дамовіліся ўзяць Ісуса хітрасьцю і забіць;
  5. але казалі: толькі ня ў сьвята, каб ня сталася абурэньня ў народзе.
  6. Калі ж Ісус быў у Віфаніі, у доме Сымона пракажонага,
  7. прыступіла да Яго жанчына з алавастравай пасудзінай міра шматкаштоўнага і ліла яму на галаву, калі Ён узьляжаў за сталом.
  8. Убачыўшы, вучні Ягоныя абурыліся і казалі: навошта такое марнатраўства?
  9. бо можна было б прадаць гэтае міра за вялікія грошы і даць убогім.
  10. Але Ісус, зразумеўшы гэта, сказаў ім: што бянтэжыце жанчыну? Яна добры ўчынак зрабіла дзеля Мяне;
  11. бо заўсёды ўбогіх вы маеце пры сабе, а Мяне не заўсёды маеце;
  12. бо, выліўшы гэтае міра на Цела Маё, яна падрыхтавала Мяне да пахаваньня;
  13. праўду кажу вам: дзе ні будзе абвешчана Дабравесьце гэтае ў цэлым сьвеце, сказана будзе ў памяць яе і пра тое, што зрабіла яна.
  14. Тады адзін з дванаццацёх, якога звалі Юда Іскарыёт, пайшоў да першасьвятароў
  15. і сказаў: што вы дасьце мне, і я вам выдам Яго? Яны прапанавалі яму трыццаць срэбранікаў;
  16. і з таго часу ён шукаў зручнай нагоды выдаць Яго.
  17. У першы ж дзень праснакоў прыступілі вучні да Ісуса і сказалі яму: дзе хочаш, каб мы прыгатавалі Табе есьці пасху?
  18. Ён жа сказаў: ідзеце ў горад да такога і такога і скажэце яму: «Настаўнік кажа: час мой блізкі, у цябе ўчыню пасху з вучнямі Маімі».
  19. І зрабілі вучні, як загадаў ім Ісус, і прыгатавалі пасху.
  20. Калі ж зьвечарэла, Ён узьлёг з дванаццацьцю вучнямі;
  21. І калі яны елі, сказаў: праўду кажу вам, што адзін з вас выдасьць Мяне.
  22. Яны вельмі засмуціліся і пачалі казаць Яму, кожны зь іх: ці ня я, Госпадзе?
  23. А Ён сказаў у адказ: хто апусьціў са Мною руку ў місу, той выдасьць Мяне;
  24. зрэшты, Сын Чалавечы ідзе, як пісана пра Яго; але гора таму чалавеку, якім Сын Чалавечы выдаецца: лепей было б чалавеку гэтаму не радзіцца.
  25. У адказ жа Юда, які выдаў Яго, сказаў: ці ня я, Равьві? Ісус кажа яму: ты сказаў.
  26. А калі яны елі: Ісус, узяўшы хлеб і дабраславіўшы, паламаў і, раздаючы вучням, сказаў: прымеце, ежце: гэта Цела Маё.
  27. І ўзяўшы чару, і падзякаваўшы, падаў ім і сказаў: пеце зь яе ўсе;
  28. бо гэта Кроў Мая новага запавету, за многіх праліваная дзеля дараваньня грахоў.
  29. Кажу ж вам, што ад сёньня ня буду піць ад плоду гэтага вінаграднага да таго дня, калі буду піць з вамі новае віно ў Царстве Айца Майго.
  30. І засьпяваўшы, пайшлі на гару Аліўную.
  31. Тады кажа ім Ісус: усе вы запаняверыцеся ўва Мне ў гэтую ноч, бо напісана: «пакараю пастыра, і расьсеюцца авечкі».
  32. А пасьля ўваскрэсеньня Майго сустрэну вас у Галілеі.
  33. У адказ жа Пётр сказаў Яму: калі і ўсе запаняверацца ў Табе, я не запаняверуся.
  34. Сказаў яму Ісус: праўду кажу табе, што гэтае ночы, перш чым засьпявае певень, тройчы адрачэшся ад Мяне.
  35. Кажа Яму Пётр: хоць бы прыпала мне і памерці з Табою, не адракуся ад Цябе. Падобнае і ўсе вучні казалі.
  36. Потым прыходзіць зь імі Ісус у мясьціну, званую Гефсіманія, і кажа вучням: пасядзеце тут, пакуль Я пайду, памалюся там.
  37. І ўзяўшы Пятра і абодвух сыноў Зевядзеевых, пачаў смуткаваць і журыцца.
  38. Тады кажа ім Ісус: душа Мая смуткуе да сьмерці; пабудзьце тут і чувайце са Мною.
  39. І адышоўшы крыху, упаў на аблічча Сваё, маліўся і казаў: Войча Мой! калі магчыма, хай абміне Мяне чара гэтая: але не як Я хачу, а як Ты.
  40. І прыходзіць да вучняў і застае, што яны сьпяць, і кажа Пятру: ці так не змаглі вы адну гадзіну чуваць са Мною?
  41. чувайце і малецеся, каб не паддацца спакусе: дух бадзёры, а плоць нядужая.
  42. Яшчэ, адышоўшы другі раз, маліўся, кажучы: Войча Мой! калі ня можа чара гэтая абмінуць Мяне, каб Мне ня піць яе, хай будзе воля Твая.
  43. І прыйшоўшы, застаў, што зноў яны сьпяць, бо ў іх вочы ацяжэлі.
  44. І пакінуўшы іх, адышоў зноў і памаліўся трэйці раз, тое самае слова сказаўшы.
  45. Тады прыходзіць да вучняў Сваіх і кажа ім: вы ўсе яшчэ сьпіце і спачываеце; вось, наблізілася гадзіна, і Сын Чалавечы аддаецца ў рукі грэшнікаў;
  46. устаньце, хадзем: вось наблізіўся той, хто прадае Мяне.
  47. І калі яшчэ гаварыў Ён, вось, Юда, адзін з дванаццацёх, прыйшоў, і зь ім мноства людзей зь мечамі і каламі, ад першасьвятароў і старэйшын народных.
  48. А хто выдаваў Яго, даў ім знак, кажучы: каго я пацалую, Той і ёсьць, вазьмеце Яго.
  49. І, адразу падышоўшы да Ісуса, сказаў: радуйся, Равьві! І пацалаваў Яго.
  50. Ісус жа сказаў яму: дружа, чаго ты прыйшоў? Тады падышлі, і паклалі рукі на Ісуса, і ўзялі Яго.
  51. І вось, адзін з тых, што былі зь Ісусам, працягнуўшы руку, дастаў меч свой і, ударыўшы раба першасьвятаровага, адсек яму вуха.
  52. Тады кажа яму Ісус: вярні меч твой у месца ягонае, бо ўсе, што возьмуць меч, ад мяча і загінуць;
  53. альбо думаеш, што Я не магу цяпер упрасіць Айца Майго, і Ён дасьць Мне больш за дванаццаць легіёнаў анёлаў?
  54. як жа збудуцца Пісаньні, што так павінна быць?
  55. У тую гадзіну сказаў Ісус народу: быццам на разбойніка выйшлі вы зь мечамі і каламі ўзяць Мяне; кожны дзень з вамі сядзеў Я, вучачы ў храме, і вы ня бралі Мяне.
  56. А ўсё гэта было, каб збыліся пісаньні прарокаў. Тады ўсе вучні, пакінуўшы Яго, паўцякалі.
  57. А тыя, што ўзялі Ісуса, завялі Яго да Каяфы першасьвятара, куды сабраліся кніжнікі і старэйшыны.
  58. А Пётр ішоў сьледам за Ім зводдаль, да двара першасьвятаровага і ўвайшоўшы ў сярэдзіну, сеў са слугамі, каб бачыць канец.
  59. Першасьвятары і старэйшыны і ўвесь сынедрыён шукалі ілжывага сьведчаньня супроць Ісуса, каб аддаць Яго на сьмерць;
  60. і не знаходзілі; і хоць шмат ілжывых сьведкаў прыходзіла, не знайшлі. Але нарэшце прыйшлі два лжывыя сьведкі
  61. і сказалі: Ён казаў: «магу разбурыць храм Божы і за тры дні збудаваць яго».
  62. І ўстаўшы, першасьвятар сказаў Яму: чаму нічога не адказваеш, што яны супроць Цябе сьведчаць?
  63. А Ісус маўчаў. І першасьвятар сказаў Яму: заклінаю Цябе Богам жывым, скажы нам, ці Ты Хрыстос, Сын Божы?
  64. Кажа яму Ісус: ты сказаў; нават маўляю вам: ад сёньня ўгледзіце Сына Чалавечага, што сядзіць праваруч сілы і ідзе на аблоках нябесных.
  65. Тады першасьвятар разадраў адзеньне сваё і сказаў: Ён блюзьнерыць. Навошта яшчэ нам сьведкі? Вось, вы чулі блюзьнерства Ягонае!
  66. Як вам здаецца? А яны сказалі ў адказ: варты сьмерці.
  67. Тады плявалі Яму ў твар і тузалі Яго; а іншыя білі па шчоках.
  68. і казалі: скажы нам, Хрысьце, хто ўдарыў Цябе?
  69. А Пётр сядзеў звонку на дварэ. І падышла да яго адна служанка і сказала: і ты быў зь Ісусам Галілеянінам.
  70. Але ён адрокся перад усімі, сказаўшы: ня ведаю, што ты кажаш.
  71. А калі ён выходзіў за браму, убачыла яго другая, і кажа тым, што былі там: і гэты быў зь Ісусам Назарэем.
  72. І зноў адрокся ён, прысягнуўшы: я ня ведаю Гэтага Чалавека.
  73. Крыху пазьней падышлі тыя, што стаялі, і сказалі Пятру: сапраўды і ты зь іх, бо і гаворка твая выдае цябе.
  74. Тады ён пачаў прысягаць і бажыцца: я ня ведаю Гэтага Чалавека. І тут жа засьпяваў певень.
  75. І згадаў Пётр словы, сказаныя яму Ісусам: перш чым засьпявае певень, тройчы адрачэшся ад Мяне. І выйшаўшы вонкі, плакаў горка.

Постоянная ссылка на эту страницу bibleonline.ru/bible/bel/40/26/.

Выбор перевода и языка



© Библия Онлайн, 2003-2016