1. Пачатак Дабравесьця Ісуса Хрыста, Сына Божага,
  2. як напісана ў прарокаў: «вось, Я пасылаю анёла Майго перад Табою».
  3. «Голас таго, хто кліча ў пустыні: падрыхтуйце шлях Госпаду, простымі зрабеце сьцежкі Яму».
  4. Зьявіўся Ян, хрысьцячы ў пустыні і прапаведуючы хрышчэньне пакаяньня на дараваньне грахоў.
  5. І выходзілі да яго ўся краіна Юдэйская і Ерусалімляне; і хрысьціліся ў яго ўсе ў рацэ Ярдане, спавядаючыся ў грахах сваіх.
  6. А ў Яна была вопратка зь вярблюджага воласу і скураны пояс на паясьніцы ягонай, і еў акрыды і дзікі мёд.
  7. І прапаведаваў, кажучы: ідзе за мною Мацнейшы за мяне, у Якога я ня варты, нахіліўшыся, разьвязаць рэмень абутку Ягонага;
  8. я хрысьціў вас вадою, а Ён будзе хрысьціць вас Духам Сьвятым.
  9. І было ў тыя дні, прыйшоў Ісус з Назарэта Галілейскага і хрысьціўся ў Яна ў Ярдане.
  10. І калі выходзіў з вады, убачыў адразу Ян, як адчыніліся нябёсы, і Духа, як голуба, Які сыходзіў на Яго.
  11. І голас быў зь нябёсаў: «Ты Сын Мой Любасны, Якога Я ўпадабаў».
  12. І адразу пасьля гэтага Дух вядзе Яго ў пустыню.
  13. І быў Ён там у пустыні сорак дзён, спакушаны сатаною, і быў са зьвярамі; і анёлы слугавалі Яму.
  14. А пасьля таго, як прададзены быў Ян, прыйшоў Ісус ў Галілею, прапаведуючы Дабравесьце Царства Божага,
  15. і кажучы, што прыйшоў час і наблізілася Царства Божае: пакайцеся і веруйце ў Дабравесьце.
  16. А праходзячы каля мора Галілейскага, убачыў Сымона і Андрэя, брата ягонага, якія закідвалі мярэжы ў мора, бо яны былі рыбакі.
  17. І сказаў ім Ісус: ідзеце за Мною, і Я зраблю вас лаўцамі людзей.
  18. І яны адразу, пакінуўшы мярэжы свае, пайшлі за Ім.
  19. І прайшоўшы адтуль далей, Ён угледзеў Якава Зевядзеевага і Яна, брата ягонага, таксама ў лодцы; яны ладзілі мярэжы,
  20. і адразу заклікаў іх. І яны, пакінуўшы бацьку свайго Зевядзея ў лодцы з работнікамі, пайшлі за Ім.
  21. І прыходзяць у Капернаум; і неўзабаве ў суботу ўвайшоў Ён у сынагогу і вучыў.
  22. І зьдзіўляліся з вучэньня Ягонага, бо Ён вучыў іх як той, хто ўладу мае, а не як кніжнікі.
  23. У сынагозе іхняй быў чалавек, апанаваны духам нячыстым, і закрычаў:
  24. кінь, што Табе да нас, Ісусе Назаранін? Ты прыйшоў пагубіць нас! ведаю Цябе, хто Ты, Сьвяты Божы.
  25. Але Ісус загразіў яму, кажучы: змоўкні і выйдзі зь яго.
  26. Тады дух нячысты, скалануўшы яго і закрычаўшы зычным голасам, выйшаў зь яго.
  27. І жахнуліся ўсе, і пыталіся адзін у аднаго: што гэта? што гэта за вучэньне новае, што Ён і духам нячыстым загадвае і яны слухаюцца Яго.
  28. І хутка разышлася пра Яго пагалоска па ўсіх землях вакол Галілеі.
  29. Выйшаўшы неўзабаве з сынагогі, прыйшлі ў дом Сымона і Андрэя зь Якавам і Янам.
  30. А Сымонава цешча ляжала ў гарачцы; і адразу кажуць Яму пра яе.
  31. Падышоўшы, Ён падняў яе, узяў яе за руку; і гарачка адразу пакінула яе, і яна пачала слугаваць ім.
  32. А як зьмяркалася, калі заходзіла сонца, прыносілі да Яго ўсіх хворых і апанаваных дэманамі.
  33. І ўвесь горад сабраўся да дзьвярэй.
  34. І Ён ацаліў многіх, што цярпелі ад розных хваробаў; выгнаў шмат дэманаў і не дазваляў дэманам гаварыць, бо яны ведалі, што Ён Хрыстос.
  35. А нараніцу, устаўшы на досьвітку, выйшаў і пайшоў у пустэльнае месца, і там маліўся.
  36. Сымон і тыя, хто быў зь Ім, пайшлі за Ім;
  37. і, знайшоўшы Яго, кажуць Яму: усе шукаюць Цябе.
  38. Ён кажа ім: хадзем у бліжэйшыя селішчы і гарады, каб Мне і там зьвеставаць, бо Я на тое і прыйшоў.
  39. І Ён зьвеставаў у сынагогах іхніх па ўсёй Галілеі, і выганяў дэманаў.
  40. Прыходзіць да Яго пракажоны і, просячы Яго на каленях, кажа Яму: калі хочаш, можаш мяне ачысьціць.
  41. Ісус, умілажаліўшыся зь яго, працягнуў руку, дакрануўся да яго і сказаў яму: хачу, ачысьціся.
  42. Пасьля гэтага слова праказа адразу сыйшла зь яго, і ён стаўся чыстым.
  43. І гнеўна выгаварыўшы яму, адразу прагнаў яго
  44. і сказаў яму: глядзі, нікому нічога не кажы; а ідзі, пакажыся сьвятару і ахвяруй за ачышчэньне тваё, што загадаў Майсей, на сьведчаньне ім.
  45. А ён, выйшаўшы, пачаў абвяшчаць і расказваць пра тое, што адбылося, так што Ісус ня мог ужо адкрыта ўвайсьці ў горад, а быў звонку, у мясьцінах пустэльных. І прыходзілі да Яго адусюль.

Постоянная ссылка на эту страницу bibleonline.ru/bible/bel/41/01/.

Выбор перевода и языка



© Библия Онлайн, 2003-2016