1. Як прайшла субота, Марыя Магдаліна і Марыя Якаўлева і Саломія купілі пахошчаў, каб ісьці — намасьціць Яго.
  2. І даволі рана, у першы дзень тыдня, прыходзяць да магілы, на ўзыходзе сонца,
  3. і гавораць паміж сабою: хто адваліць нам камень ад магільных дзьвярэй?
  4. І зірнуўшы, бачаць, што камень адвалены; а ён быў досыць вялікі.
  5. І ўвайшоўшы ў магілу, убачылі юнака, які сядзеў з правага боку, адзетага ў белыя шаты: і жахнуліся.
  6. А ён кажа ім: не жахайцеся. Ісуса шукаеце Назараніна, укрыжаванага; Ён уваскрэс, Яго няма тут. Вось месца, дзе Ён быў пакладзены.
  7. Але ідзеце, накажэце вучням Ягоным і Пятру, што Ён запабегне вас у Галілеі; там Яго ўгледзіце, як Ён сказаў вам.
  8. І выйшаўшы, пабеглі ад магілы; іх апанаваў жах, і нікому нічога не сказалі, бо баяліся.
  9. Уваскрэснуўшы рана ў першы дзень тыдня, Ісус зьявіўся спачатку Марыі Магдаліне, зь якое быў выгнаў сем дэманаў.
  10. Яна пайшла і абвясьціла тым, што былі зь Ім, што плакалі і галасілі;
  11. але яны, пачуўшы, што Ён жывы, і яна бачыла Яго, — не паверылі.
  12. Пасьля гэтага зьявіўся ў іншым вобразе двум зь іх на дарозе, калі яны ішлі ў селішча.
  13. І тыя, вярнуўшыся, абвясьцілі астатнім; але і ім не паверылі.
  14. Нарэшце зьявіўся самім адзінаццацём, калі яны ўзьляжалі на вячэры, і дакараў іх за няверства і жорсткасьць сэрца, што не паверылі тым, якія бачылі Яго ўваскрэслага.
  15. І сказаў ім: ідзеце па ўсім сьвеце і абвяшчайце Дабравесьце ўсяму стварэньню.
  16. Хто будзе верыць і хрысьціцца, выратаваны будзе; а хто ня будзе верыць, асуджаны будзе.
  17. Тым, што ўверуюць, дадзены будуць гэтыя азнакі: імем Маім будуць выганяць нячыстых, будуць гаварыць новымі мовамі;
  18. будуць браць зьмей; і калі што сьмертагубнае вып'юць, не зашкодзіць ім; ускладуць рукі на хворых, і яны будуць здаровыя.
  19. І так Гасподзь, пасьля гутаркі зь імі, узьнёсься на неба і сеў праваруч Бога.
  20. А яны пайшлі і прапаведавалі ўсюды, пры Гасподнім садзеяньні і падмацаваньні слова наступнымі азнакамі. Амін.

Постоянная ссылка на эту страницу bibleonline.ru/bible/bel/41/16/.

Выбор перевода и языка



© Библия Онлайн, 2003-2017