1. У тыя дні выйшаў ад кесара Аўгуста загад зрабіць перапіс па ўсёй зямлі.
  2. Гэты перапіс быў першы ў праўленьне Квірынія Сірыяй. І пайшлі ўсе запісвацца, кожны ў свой горад.
  3. Пайшоў таксама і Язэп з Галілеі, з горада Назарэта, у Юдэю, у горад Давідаў, называны Віфляемам, бо ён быў з дому і роду Давідавага,
  4. запісацца з Марыяю, заручанаю яму жонкай, якая была цяжарная.
  5. Калі ж былі яны там, настаў час радзіць Ёй;
  6. і нарадзіла Сына Свайго першынца, і спавіла Яго, і паклала яго ў ясьлі, бо ня было ім месца ў гасьцініцы.
  7. У той краіне былі на полі пастухі, якія трымалі начную варту каля статку свайго.
  8. Раптам зьявіўся ім анёл Гасподні, і слава Гасподняя апраменіла іх; і спалохаліся страхам вялікім.
  9. І сказаў ім анёл: ня бойцеся; я ўзьвяшчаю вам вялікую радасьць, якая будзе ўсім людзям:
  10. бо сёньня нарадзіўся вам у горадзе Давідавым Збаўца, Які ёсьць Хрыстос Гасподзь;
  11. і вось вам знак: вы знойдзеце Дзіця ў пялюшках, Яно ляжыць у ясьлях.
  12. І раптоўна зьявілася з анёлам шматлікае войска нябеснае, славячы Бога і заклікаючы:
  13. слава ў вышынях Богу, і на зямлі мір, і ў людзях добрая воля.
  14. Калі анёлы адыйшлі ад іх на неба, пастухі сказалі адзін аднаму: хадзем у Віфляем і паглядзім, што там сталася, пра што абвясьціў нам Гасподзь.
  15. І пасьпяшаўшыся, прыйшлі, і знайшлі Марыю і Язэпа, і Дзіцятка, Якое ляжала ў ясьлях.
  16. А ўбачыўшы, расказалі пра тое, што было абвешчана ім пра Дзіцятка Гэтае.
  17. І ўсе, хто чуў, дзівавалі з таго, што расказвалі ім пастухі.
  18. А Марыя прымала ўсе словы гэтыя, складаючы ў сэрцы Сваім.
  19. І вярнуліся пастухі, славячы і хвалячы Бога за ўсё тое, што чулі і бачылі, як ім сказана было.
  20. Як прайшло восем дзён, калі трэба было абрэзаць Дзіцятка, далі яму імя Ісус, названае анёлам раней зачацьця Ягонага ва ўлоньні.
  21. А калі споўніліся дні ачышчэньня іхняга паводле закона Майсеевага, прынесьлі Яго ў Ерусалім, каб явіць Госпаду,
  22. як прадпісана ў законе Гасподнім, каб усякае дзіцятка мужчынскага полу, якое размыкае ўлоньне, было прысьвечана Госпаду;
  23. і каб прынесьлі ў ахвяру, паводле сказанага ў законе Гасподнім, дзьве галубкі альбо два птушаняты галубіныя.
  24. Тады быў у Ерусаліме чалавек, імем Сымон. Ён быў муж праведны і пабожны, чакаў суцяшэньня Ізраілевага; і Дух Сьвяты быў на ім.
  25. Яму было прадказана Духам Сьвятым, што ён ня ўбачыць сьмерці, пакуль ня ўбачыць Хрыста Гасподняга.
  26. І прыйшоў ён па натхненьні ў храм. І калі бацькі прынесьлі Дзіцятка Ісуса, каб выканаць над Ім законны абрад,
  27. ён узяў Яго на рукі, праславіў Бога і сказаў:
  28. сёньня адпускаеш раба Твайго, Уладыка, паводле слова Твайго, зь мірам;
  29. бо бачылі вочы мае збавеньне Тваё,
  30. якое Ты ўгатаваў перад абліччам усіх народаў,
  31. сьвятло на асьвятленьне язычнікаў, і славу народу Твайго Ізраіля.
  32. А Язэп і Маці Ягоная дзівавалі ад сказанага пра Яго.
  33. І дабраславіў іх Сымон, і сказаў Марыі, Маці Ягонай: вось, ляжыць Гэты на ўпадак і на ўзвышэньне многіх у Ізраілі і на азнаку нязгодаў, —
  34. і Табе Самой зброя пратне душу, — каб адкрыліся помыслы многіх сэрцаў.
  35. І была таксама Ганна прарочыца, дачка Фануілава, з роду Асіравага, якая дажыла да глыбокай старасьці, пражыўшы з мужам ад дзявоцтва свайго сем гадоў,
  36. удава гадоў васьмідзесяці чатырох, якая не адыходзіла ад храма, постам і малітваю служачы Богу дзень і ноч.
  37. І яна, у тую самую гадзіну падышоўшы, славіла Госпада і казала пра Яго ўсім, хто чакаў ратунку ў Ерусаліме.
  38. І калі яны зрабілі ўсё паводле закона Гасподняга, вярнуліся ў Галілею, у горад свой Назарэт.
  39. А Дзіця расло і мацавалася духам, напаўняючыся мудрасьцю; і мілата Божая была на Ім.
  40. Кожны год бацькі Ягоныя хадзілі ў Ерусалім на сьвята Пасхі.
  41. І калі Яму было дванаццаць гадоў, прыйшлі яны таксама як звычайна ў Ерусалім на сьвята;
  42. калі ж, пасьля заканчэньня дзён сьвята, вярталіся, застаўся Хлопчык Ісус у Ерусаліме; і не заўважылі таго Язэп і Маці Ягоная;
  43. але думалі, што Ён ідзе зь іншымі; прайшоўшы ж дзённы шлях, пачалі шукаць Яго сярод родзічаў і знаёмых;
  44. і не знайшоўшы Яго, вярнуліся ў Ерусалім, шукаючы Яго.
  45. Праз тры дні знайшлі яго ў храме, сядзеў сярод настаўнікаў, слухаў іх і распытваў іх;
  46. усе, хто слухаў Яго, зьдзіўляліся з розуму і адказаў Ягоных.
  47. І ўбачыўшы Яго, зьдзівіліся; і Маці ягоная сказала Яму: Дзіця! што Ты зрабіў з намі? вось, бацька Твой і Я зь вялікаю скрухаю шукалі Цябе.
  48. Ён сказаў ім: навошта было вам шукаць Мяне? ці вы ня ведалі, што Я павінен быць у тым, што належыць Айцу Майму?
  49. Але яны не зразумелі сказаных Ім словаў.
  50. І Ён пайшоў зь імі і прыйшоў у Назарэт; і быў у паслушэнстве ім. І Маці Ягоная захоўвала ўсе словы гэтыя ў сэрцы Сваім.
  51. А Ісус мацаваўся ў мудрасьці і росьце і ў любові ў Бога і людзей.

Постоянная ссылка на эту страницу bibleonline.ru/bible/bel/42/02/.

Выбор перевода и языка



© Библия Онлайн, 2003-2016