1. Аднойчы, калі люд ціснуўся да Яго, каб чуць слова Божае, а Ён стаяў каля возера Генісарэцкага,
  2. убачыў Ён дзьве лодкі, якія стаялі на возеры; а рыбакі, выйшаўшы зь іх, вымывалі мярэжы.
  3. Увайшоўшы ў адну лодку, якая была Сымонава, Ён прасіў яго адплыць крыху ад берагу, і сеўшы, вучыў людзей з лодкі.
  4. А калі перастаў вучыць, сказаў Сымону: адплыві на глыбокае, і закіньце мярэжы свае для лову.
  5. Сымон сказаў Яму ў адказ: Настаўнік! мы працавалі ўсю ноч і нічога не злавілі; але па слове Тваім закінем мярэжу.
  6. Зрабіўшы гэта, яны злавілі вялікае мноства рыбы, і нават мярэжа ў іх рвалася.
  7. І далі знак супольнікам, якія былі ў другой лодцы, каб прыйшлі пасобіць ім, і прыйшлі, і напоўнілі абедзьве лодкі, так што яны пачалі тануць.
  8. Убачыўшы гэта, Сымон Пётр прыпаў да каленяў Ісуса і сказаў: выйдзі ад мяне, Госпадзе! бо я чалавек грэшны.
  9. Бо жах агарнуў яго і ўсіх, хто быў зь Ім, ад гэтага ўлову рыбы, імі злоўленае;
  10. таксама і Якава і Яна; сыноў Зевядзеевых, якія былі супольнікамі Сымону. І сказаў Сымону Ісус: ня бойся; ад сёньня будзеш лавіць людзей.
  11. І выцягнуўшы абедзьве лодкі на бераг, пакінулі ўсё і пайшлі сьледам за Ім.
  12. Калі Ісус быў у адным горадзе, прыйшоў чалавек увесь у праказе і, убачыўшы Ісуса, упаў ніцма, молячы Яго і кажучы: Госпадзе! калі хочаш, можаш мяне ачысьціць.
  13. Ён працягнуў руку, дакрануўся да яго і сказаў: хачу, ачысьціся. І адразу праказа сышла зь яго.
  14. І Ён загадаў яму нікому не расказваць, а пайсьці паказацца сьвятару і прынесьці ахвяру за ачышчэньне сваё, як загадаў Майсей, на сьведчаньне ім.
  15. Але тым болей шырыліся чуткі пра Яго, і вялікае мноства людзей сьцякалася да Яго — слухаць і ацаляцца ў Яго ад хваробаў сваіх.
  16. А Ён адыходзіў у пустэльныя мясьціны і маліўся.
  17. Аднаго дня, калі Ён вучыў, і сядзелі тут фарысэі і законьнікі, якія прыйшлі з усіх мясцовасьцяў Галілеі і Юдэі і зь Ерусаліма, і сіла Гасподняя зьяўлалася ў ацаленьні хворых —
  18. вось, прынесьлі нейкія на пасьцелі чалавека, які быў паралізаваны, і спрабавалі ўнесьці яго ў дом і пакласьці перад Ісусам;
  19. і не знайшоўшы дзе пранесьці яго, з прычыны люднасьці, залезьлі на дах дома і праз дах апусьцілі яго з пасьцельлю на сярэдзіну перад Ісусам.
  20. І Ён, бачачы веру іхную, сказаў чалавеку таму: даруюцца табе грахі твае.
  21. Кніжнікі і фарысэі пачалі разважаць, кажучы: хто гэта, Які блюзьнерыць? хто можа дараваць грахі, апрача аднаго Бога?
  22. Ісус, зразумеўшы намыслы іхнія, сказаў ім у адказ: што намышляеце ў сэрцах вашых?
  23. што лягчэй сказаць: «даруюцца табе грахі твае», альбо сказаць: «устань і хадзі»?
  24. але каб вы ведалі, што Сын Чалавечы мае ўладу на зямлі дараваць грахі, — сказаў Ён паралізаванаму: табе кажу: устань, вазьмі пасьцель тваю і ідзі ў дом твой.
  25. І той адразу ўстаў перад імі, узяў, на чым ляжаў, і пайшоў у дом свой, славячы Бога.
  26. І жах агарнуў усіх, і славілі Бога; і, поўныя страху, казалі: дзівосныя дзеі бачылі мы сёньня.
  27. Пасьля гэтага Ісус выйшаў і ўбачыў мытніка, якога звалі Лявій, які сядзеў каля мытні, і кажа яму: ідзі за Мною.
  28. І ён, пакінуўшы ўсё, устаў і пайшоў за Ім.
  29. І зрабіў Яму Лявій у доме сваім бяседу вялікую; і там было мноства мытнікаў і іншых, якія ўзьляжалі зь імі.
  30. А кніжнікі і фарысэі наракалі і казалі вучням Ягоным: навошта вы ясьце і п'яце з мытнікамі і грэшнікамі?
  31. А Ісус сказаў ім у адказ: не здаровыя маюць патрэбу ў лекары, а хворыя;
  32. Я прыйшоў заклікаць ня праведнікаў, а грэшнікаў да пакаяньня.
  33. А яны сказалі Яму: чаму вучні Янавыя посьцяць часта і ўзносяць малітвы, таксама і фарысэйскія, а Твае ядуць і п'юць?
  34. Ён сказаў ім: ці можаце прымусіць сыноў харомаў шлюбных пасьціцца, калі зь імі малады?
  35. але прыйдуць дні, калі адымецца ў іх малады, і тады будуць пасьціцца у тыя дні.
  36. Пры гэтым сказаў ім прытчу: ніхто ня прышывае латку да старой адзежыны, ададраўшы ад новай адзежыны; а інакш і новую падзярэ, і да старой не падыдзе латка ад новай.
  37. І ніхто ня ўлівае маладога віна ў мяхі старыя; а інакш маладое віно парве мяхі, і само выцеча, і мяхі прападуць;
  38. а маладое віно трэба ўліваць у мяхі новыя; тады зьберажэцца і тое і другое.
  39. І ніхто, піўшы старое віно, не захоча адразу маладога; бо кажа: старое лепшае.

Постоянная ссылка на эту страницу bibleonline.ru/bible/bel/42/05/.

Выбор перевода и языка



© Библия Онлайн, 2003-2017