1. Набліжалася сьвята праснакоў, якое называлася Пасхаю;
  2. і намышлялі першасьвятары і кніжнікі, як бы загубіць Яго, бо баяліся народу.
  3. І ўвайшоў сатана ў Юду, празванага Іскарыётам, аднаго зь ліку дванаццацёх,
  4. і ён пайшоў і гутарыў зь першасьятарамі і начальнікамі, як Яго выдаць ім.
  5. Яны ўзрадаваліся і згадзіліся даць яму грошай;
  6. і ён абяцаўся, і шукаў зручнага часу, каб выдаць Яго ім ня прылюдна.
  7. І настаў дзень праснакоў, у які трэба было закалоць пасхальнае ягня;
  8. і паслаў Ісус Пятра і Яна, сказаўшы: ідзеце, прыгатуйце нам есьці пасху.
  9. А яны сказалі Яму: дзе скажаш нам прыгатаваць?
  10. Ён сказаў ім: вось, пры ўваходзе вашым у горад сустрэнецца з вамі чалавек, які нясьціме збанок вады; ідзеце сьледам за ім у дом, у які ўвойдзе ён.
  11. і скажэце гаспадару дома: Настаўнік кажа табе: дзе пакой, у якім бы Мне есьці пасху з вучнямі Маімі?
  12. І ён пакажа вам сьвятліцу вялікую засланую; там прыгатуйце.
  13. Яны пайшлі і знайшлі, як сказаў ім, і прыгатавалі пасху.
  14. І калі настала гадзіна, Ён узьлёг, і дванаццаць апосталаў зь Ім,
  15. і сказаў ім: вельмі хацеў Я есьці з вамі гэтую пасху раней Маіх пакутаў,
  16. бо кажу вам, што ўжо ня буду есьці яе, пакуль яна ня ўчыніцца ў Царстве Божым.
  17. І ўзяўшы чару і падзякаваўшы, сказаў: прымеце яе і падзялеце паміж сабою;
  18. бо кажу вам, што ня буду піць ад плоду вінаграднага, пакуль ня прыйдзе Царства Божае.
  19. І ўзяўшы хлеб і падзякаваўшы, пераламаў і падаў ім, кажучы: гэта ёсьць Цела Маё, якое за вас аддаецца; гэта выконвайце на ўспамін пра Мяне.
  20. Таксама і чару пасьля вячэры, кажучы: гэтая чара ёсьць новы запавет у Маёй Крыві, якая за вас праліваецца;
  21. і вось, рука прадажніка Майго са Мною за сталом;
  22. у астатнім, Сын Чалавечы ідзе, як прадвызначана; але гора таму чалавеку, якім Ён выдаецца.
  23. І яны пачалі пытацца адзін у аднаго, хто б зь іх быў той, які гэта зробіць.
  24. А была і спрэчка паміж імі, хто зь іх павінен уважацца за большага.
  25. Ён жа сказаў ім: цары валадараць над народамі і ўлады іхнія дабрадзеямі называюцца;
  26. а вы ня так: але хто з вас большы, будзь як меншы, і начальнік будзь, як слуга.
  27. Бо хто большы: той, хто ўзьлягае, ці хто слуга? Ці ня той, хто ўзьлягае? А Я сярод вас, як слуга.
  28. Але вы трывалі са Мною ў гаротах Маіх,
  29. і Я запавядаю вам, як запавядаў Мне Айцец Мой, Царства,
  30. каб елі і пілі на бяседзе Маёй у Царстве Маім, і каб селі на пасадах судзіць дванаццаць каленаў Ізраілевых.
  31. І сказаў Гасподзь: Сымоне! Сымоне! вось, сатана прасіў, каб сеяць вас як пшаніцу;
  32. але Я маліўся за цябе, каб не зьмізарнела вера твая; і ты некалісь, навярнуўшыся, умацуй братоў тваіх.
  33. Ён адказваў: Госпадзе! з Табою я гатовы і ў цямніцу і на сьмерць ісьці.
  34. Але Ён сказаў: кажу табе, Пётр, не засьпявае певень сёньня, як ты тройчы зрачэшся, што ня ведаеш Мяне.
  35. І сказаў ім: калі я пасылаў вас безь мяшка і бяз торбы і без абутку, ці мелі вы ў чым нястачу? Яны адказвалі: ні ў чым.
  36. Тады Ён сказаў ім: але цяпер, хто мае мяшок, той вазьмі яго, таксама і торбу; а ў каго няма, прадай вопратку сваю і купі меч;
  37. бо маўляю вам, што мусіць збыцца на Мне і гэтае напісанае: «і да зладзеяў залічаны». Бо тое, што пра Мяне, канчаецца.
  38. Яны сказалі: Госпадзе! вось, тут два мечы. Ён сказаў ім: досыць.
  39. І выйшаўшы пайшоў як звычайна на гару Аліўную; за Ім сьледам пайшлі і вучні Ягоныя.
  40. А прыйшоўшы на месца, сказаў ім: малецеся, каб ня ўпасьці ў спакусу.
  41. І Сам адышоў ад іх — як кінуць каменем, і, схіліўшы калені, маліўся,
  42. кажучы: Войча! о, калі б Ты дабраволіў пранесьці чару гэтую міма Мяне! зрэшты, не Мая воля, а Твая хай будзе.
  43. І зьявіўся Яму анёл зь нябёсаў і мацаваў Яго.
  44. І ў змаганьні ўнутраным руплівей маліўся; і быў пот Ягоны, як кроплі крыві, што падалі на зямлю.
  45. Устаўшы з малітвы, Ён прыйшоў да вучняў, і застаў іх у сьне ад смутку,
  46. і сказаў ім: што вы сьпіце? устаньце і малецеся, каб ня ўпасьці ў спакусу.
  47. Калі Ён яшчэ казаў гэта, паявіліся людзі, а наперадзе іх ішоў адзін з дванаццацёх, называны Юда, і ён падышоў да Ісуса, каб пацалаваць Яго. Бо ён такі даў ім знак: каго я пацалую, Той і ёсьць.
  48. А Ісус сказаў яму: Юда ці цалаваньнем выдаеш Сына Чалавечага?
  49. Тыя, што былі зь Ім, бачачы, да чаго ўсё ідзе, сказалі Яму: Госпадзе! ці ня ўдарыць нам мечам?
  50. І адзін зь іх ударыў раба першасьвятаровага і адсек яму правае вуха.
  51. Тады Ісус сказаў: пакіньце, даволі. І дакрануўшыся да вуха ягонага, загоіў яго.
  52. А першасьвятарам і начальнікам храма і старэйшынам, якія сабраліся супроць Яго, сказаў Ісус: быццам на разбойніка выйшлі вы зь мечамі і каламі, каб узяць Мяне!
  53. Кожны дзень бываў Я з вамі ў храме, і вы не падымалі на Мяне рук, а цяпер — ваш час і ўлада цемры.
  54. Узяўшы Яго, павялі і прывялі ў дом першасьвятара. А Пётр ішоў сьледам зводдаль.
  55. Калі яны расклалі агонь сярод двара і селі разам, сеў і Пётр паміж імі.
  56. Адна служанка, убачыўшы яго каля агню і ўгледзеўшыся ў яго, сказала: гэты быў зь Ім.
  57. Але ён адрокся ад Яго, сказаўшы жанчыне: я ня ведаю Яго.
  58. Неўзабаве потым другі, убачыўшы яго, сказаў: і ты зь іх. Але Пётр сказаў гэтаму чалавеку: не.
  59. Прайшло з гадзіну часу, яшчэ нехта настойліва казаў: сапраўды, і гэты быў зь Ім, бо ён Галілеянін.
  60. Але Пётр сказаў таму чалавеку: ня ведаю, што ты кажаш. І адразу, калі яшчэ гаварыў ён, засьпяваў певень.
  61. Тады Гасподзь, абярнуўшыся, паглядзеў на Пятра; і Пётр згадаў слова Госпада, як Ён сказаў яму: перш чым засьпявае певень, адрачэшся ад Мяне тройчы.
  62. І выйшаўшы вонкі, горка заплакаў.
  63. Людзі, якія трымалі Ісуса, зьдзекі чынілі зь Яго і білі Яго;
  64. і накрыўшы Яго, білі Яго па твары і пыталіся ў Яго: скажы, хто выцяў Цябе?
  65. І шмат іншай кляцьбы вымаўлялі супраць Яго.
  66. І як настаў дзень, сабраліся старэйшыны народу, першасьвятары і кніжнікі, і ўвялі Яго ў свой сынедрыён,
  67. і сказалі: ці Ты Хрыстос? скажы нам. Ён сказаў ім: калі скажу вам, вы не паверыце;
  68. калі ж і спытаюся ў вас, ня будзеце адказваць Мне і не адпусьціце Мяне;
  69. ад сёньня Сын Чалавечы сядзе праваруч сілы Божай.
  70. І сказалі ўсе: дык Ты Сын Божы? Ён адказваў ім: вы кажаце, што Я.
  71. А яны сказалі: якое яшчэ трэба нам сьведчаньне? бо мы самі чулі з вуснаў Ягоных!

Постоянная ссылка на эту страницу bibleonline.ru/bible/bel/42/22/.

Выбор перевода и языка



© Библия Онлайн, 2003-2016