1. На трэйці дзень было вясельле ў Кане Галілейскай, і Маці Ісусава была там.
  2. Быў таксама запрошаны Ісус і вучні Ягоныя на вясельле.
  3. І як нехапала віна, дык Маці Ісусава кажа Яму: віна няма ў іх.
  4. Ісус кажа Ёй: што Мне і Табе, жанчына? яшчэ ня прыйшла гадзіна Мая.
  5. Маці Ягоная сказала слугам: што скажа Ён вам, тое і зрабеце.
  6. А было там шэсьць каменных посудаў на ваду, якія стаялі паводле звычаю ачышчэньня Юдэйскага, умяшчаючы ў сябе па дзьве ці па тры меры.
  7. Ісус кажа ім: напоўніце посуды вадою. І напоўнілі іх па бераг.
  8. І кажа ім: цяпер чэрпайце і нясеце да распарадчыка вясельля. І панесьлі.
  9. А калі распарадчык скаштаваў вады, якая зрабілася віном, — а ён ня ведаў, адкуль гэтае віно, ведалі толькі слугі, якія чэрпалі ваду, — тады распарадчык кліча маладога
  10. і кажа яму: кожны чалавек падае спачатку добрае віно, а калі паўпіваюцца, тады горшае; а ты добрае віно зьбярог дагэтуль.
  11. Так заклаў Ісус пачатак цудаў у Кане Галілейскай і зьявіў славу Сваю; і ўверавалі ў Яго вучні Ягоныя.
  12. Пасьля гэтага прыйшоў Ён у Капернаум, Сам і Маці Ягоная, і браты Ягоныя і вучні Ягоныя, і прабылі там няшмат дзён.
  13. Набліжалася Пасха Юдэйская, і Ісус прыйшоў у Ерусалім
  14. і знайшоў, што ў храме прадавалі валоў, авечак і галубоў, і сядзелі мяняйлы грошай.
  15. І зрабіўшы бізун зь вяровак, выгнаў з храма ўсіх, і авечак і валоў таксама, і грошы ў мяняйлаў рассыпаў, а сталы іхнія абярнуў;
  16. І сказаў прадаўцам галубоў: вазьмеце гэта адсюль, і з дома Айца Майго не рабеце дома гандлёвага.
  17. Пры гэтым вучні Ягоныя прыгадалі, што напісана: «рупнасьць за дом Твой зьядае Мяне».
  18. На гэта Юдэі сказалі Яму ў адказ: якою азнакаю дакажаш Ты нам, што маеш уладу так рабіць?
  19. Ісус сказаў ім у адказ: разбурце храм гэты, і Я за тры дні ўзьвяду яго.
  20. На гэта сказалі Юдэі: гэты храм будаваўся сорак шэсьць гадоў, і Ты за тры дні ўзьвядзеш яго?
  21. А Ён казаў пра храм Цела Свайго.
  22. А калі ўваскрэс Ён зь мёртвых, дык вучні Ягоныя ўспомнілі, што Ён казаў гэта, і паверылі Пісаньню і слову, якое сказаў Ісус.
  23. І калі Ён быў у Ерусаліме на сьвяце Пасхі, дык многія, бачачы цуды, якія Ён тварыў, паверылі ў імя Ягонае.
  24. Але Сам Ісус не давяраў Сябе ім, бо ведаў усіх,
  25. і ня меў патрэбы, каб хто засьведчыў пра чалавека; бо Сам ведаў, што ў чалавеку.

Постоянная ссылка на эту страницу bibleonline.ru/bible/bel/43/02/.

Выбор перевода и языка



© Библия Онлайн, 2003-2016