1. А Ісус пайшоў на гару Аліўную,
  2. а раніцай зноў прыйшоў у храм, і ўвесь люд ішоў да Яго; Ён сеў і вучыў іх.
  3. Тут кніжнікі і фарысэі прывялі да Яго жанчыну, засьпетую на блудзе, і, паставіўшы яе пасярэдзіне,
  4. сказалі Яму: Настаўнік! гэтую жанчыну засьпелі на блудзе;
  5. а Майсей у законе наказваў нам пабіваць такіх камянямі: Ты што скажаш?
  6. Казалі ж гэта, выпрабоўваючы Яго, каб знайсьці што-небудзь і зьвінаваціць Яго, але Ісус, нахіліўшыся нізка, пісаў пальцам на зямлі, не зважаючы на іх.
  7. Калі ж папыталіся ў Яго далей, Ён, схіліўшыся, сказаў ім: хто з вас бяз грэху, першы кінь у яе каменем.
  8. І зноў, нахіліўшыся нізка, пісаў на зямлі.
  9. А яны, пачуўшы гэта і адчуўшы дакоры сумленьня, пачалі выходзіць адзін за адным, пачынаючы са старэйшых да апошніх; і застаўся адзін Ісус і жанчына, якая стаяла пасярэдзіне.
  10. Ісус, схіліўшыся і ня бачачы нічога апрача жанчыны, сказаў ёй: жанчына! дзе твае скаржнікі? ніхто не асудзіў цябе?
  11. Яна адказвала: ніхто, Госпадзе! Ісус сказаў ёй: і Я не асуджаю цябе; ідзі і больш не грашы.
  12. Зноў прамаўляў Ісус да людзей і сказаў ім: Я — сьвятло сьвету; хто пойдзе сьледам за Мною, той ня будзе блукаць у цемры, а будзе мець сьвятло жыцьця.
  13. Тады фарысэі сказалі Яму: Ты Сам пра Сябе сьведчыш, сьведчаньне Тваё ня ёсьць ісьціна.
  14. Ісус сказаў ім у адказ: калі Я і Сам пра Сябе сьведчу, сьведчаньне Маё ёсьць ісьціна, бо Я ведаю, адкуль прыйшоў і куды іду; а вы ня ведаеце, адкуль Я і куды іду.
  15. Вы мяркуеце па плоці; Я ня суджу нікога;
  16. а калі і суджу Я, дык суд Мой у ісьціне, бо Я не адзін, а Я з Айцом, Які паслаў Мяне;
  17. а і ў законе вашым напісана, што сьведчаньне двух чалавек — праўдзівае.
  18. Я Сам сьведчу пра Сябе, і сьведчыць пра Мяне Айцец, Які паслаў Мяне.
  19. Тады сказалі Яму: дзе Айцец Твой? Ісус адказваў: вы ня ведаеце ні Мяне, ні Айца Майго; калі б вы ведалі Мяне, дык ведалі б і Айца Майго.
  20. Гэтыя словы казаў Ісус каля скарбонкі, калі вучыў у храме; і ніхто ня ўзяў Яго, бо ня прыйшла часіна Ягоная.
  21. Зноў сказаў ім Ісус: Я адыходжу, і будзеце шукаць Мяне, і памраце ў грэху вашым; куды Я іду, туды вы ня можаце прыйсьці.
  22. Тут Юдэі казалі: няўжо Ён заб'е Сам Сябе, што кажа: «куды Я іду, туды вы ня можаце прыйсьці»?
  23. Ён сказаў ім: вы ад ніжніх, Я ад вышніх, вы ад сьвету гэтага, Я не ад гэтага сьвету;
  24. таму Я і сказаў вам, што вы памраце ў грахах вашых: бо, калі ня ўверуеце, што гэта Я, дык памраце ў грахах вашых.
  25. Тады сказалі Яму: хто ж Ты? Ісус сказаў ім: ад пачатку Існы, як і кажу вам:
  26. многа мбю казаць і разважыць пра вас; але Той, Хто паслаў Мяне, ёсьць Ісьціна, і што Я чуў ад Яго, тое і кажу сьвету.
  27. Не зразумелі, што Ён казаў ім пра Айца.
  28. Дык вось, Ісус сказаў ім: калі ўзьнесяце Сына Чалавечага, тады і ўведаеце, што гэта Я і што нічога не раблю ад Сябе, а як навучыў Мяне Айцец Мой, так і кажу.
  29. Той, Хто паслаў Мяне, ёсьць са Мною; Айцец не пакінуў Мяне аднаго, бо Я заўсёды раблю тое, што Яму заўгодна.
  30. Калі Ён казаў гэта, многія ўверавалі ў Яго.
  31. Тады сказаў Ісус да тых Юдэяў, што ўверавалі ў Яго: калі застанецеся ў слове Маім, дык вы ў ісьціне Мае вучні.
  32. І спазнаеце праўду, і праўда зробіць вас свабоднымі.
  33. Яму адказвалі: мы семя Абрагамавае, і ня былі рабамі нікому ніколі; як жа Ты кажаш: «зробіцеся свабоднымі»?
  34. Ісус адказваў ім: праўду, праўду кажу вам: кожны, хто чыніць грэх, ёсьць раб грэху;
  35. але раб не застаецца ў доме вечна: Сын застаецца вечна;
  36. дык вось, калі Сын вызваліць вас, дык у ісьціне свабодныя будзеце;
  37. ведаю, што вы семя Абрагамавае: аднак намышляеце забіць Мяне, бо слова Маё не ўмяшчаецца ў вас;
  38. Я кажу тое, што бачыў у Айца Майго; а вы робіце тое, што бачылі ў бацькі вашага.
  39. Сказалі Яму ў адказ: бацька наш ёсьць Абрагам. Ісус сказаў ім: калі б вы былі дзеці Абрагамавыя, дык і ўчынкі Абрагамавыя рабілі б;
  40. а цяпер намышляеце забіць Мяне, Чалавека, Які адкрыў вам ісьціну, якую чуў ад Бога. Абрагам гэтага не рабіў.
  41. Вы робіце ўчынкі бацькі вашага. На гэта сказалі Яму: мы не ад блуду народжаныя; аднаго Айца маем — Бога.
  42. Ісус сказаў ім: калі б Бог быў Айцец ваш, вы любілі б Мяне, бо Я ад Бога паходжу і прыйшоў; бо Я ня Сам ад Сябе прыйшоў, а Ён паслаў Мяне:
  43. Чаму вы не разумееце мовы Маёй? бо ня можаце чуць слова Майго:
  44. ваш бацька д'ябал, і вы хочаце выконваць прыхамаць бацькі вашага, а ён быў душагуб ад пачатку і ня ўстояў у ісьціне, бо няма ў ім ісьціны; калі кажа ён няпраўду, кажа сваё, бо ён ашуканец і бацька няпраўды.
  45. А як Я ісьціну кажу, дык ня верыце Мне.
  46. Хто з вас выкрые Мяне ў няпраўдзе? калі Я кажу ісьціну, чаму вы ня верыце Мне?
  47. Хто ад Бога, той слухае словы Божыя: вы таму ня слухаеце, што вы не ад Бога.
  48. На гэта Юдэі адказвалі і сказалі Яму: ці ж няпраўду мы кажам, што Ты Самаранін і што дэман у Табе?
  49. Ісус адказваў: ува мне дэмана няма, а Я шаную Айца Майго, а вы няславіце Мяне;
  50. але ж Я ня шукаю Маёй славы: ёсьць Той, Хто шукае і судзіць;
  51. Праўду, праўду кажу вам: хто сьледуе слову Майму, той ня ўбачыць сьмерці вавек.
  52. Юдэі сказалі Яму: цяпер даведаліся мы, што дэман у Табе: Абрагам памёр і прарокі, а Ты кажаш: хто зьберагае слова Маё, той ня ўведае сьмерці вавек;
  53. няўжо Ты большы за бацьку нашага Абрагама, які памёр? і за прарокаў памерлых? Кім Ты Сябе робіш?
  54. Ісус адказваў: калі Я Сам Сябе слаўлю, дык слава Мая анішто: Мяне праслаўляе Айцец Мой, пра Якога вы кажаце, што Ён Бог ваш;
  55. і вы ня ўведалі Яго, а Я ведаю Яго; і калі скажу, што ня ведаю Яго, дык буду падобны на вас ашуканец; але Я ведаю Яго і сьледую слову Ягонаму;
  56. Абрагам, бацька ваш, рады быў убачыць дзень Мой: і ўбачыў і ўзрадаваўся.
  57. На гэта сказалі Яму Юдэі: Табе няма яшчэ пяцідзесяці гадоў, — і Ты бачыў Абрагама?
  58. Ісус сказаў ім: праўду, праўду кажу вам: раней за Абрагама быў Я.
  59. І пабралі камяні, каб кінуць у Яго; але Ісус зьнік і выйшаў з храма, прайшоўшы сярод іх, і пайшоў далей.

Постоянная ссылка на эту страницу bibleonline.ru/bible/bel/43/08/.

Выбор перевода и языка



© Библия Онлайн, 2003-2016