1. Праўду, праўду кажу вам: хто не дзьвярыма уваходзіць у кашару авечую, а пералазіць дзе-небудзь, той злодзей і грабежнік,
  2. а хто ўваходзіць дзьвярыма, той пастух авечкам:
  3. яму брамнік адчыняе, і авечкі слухаюцца голасу ягонага, і ён кліча авечкі свае па імёнах і выводзіць іх;
  4. і калі выведзе свае авечкі, ідзе перад імі, а авечкі за ім ідуць, бо ведаюць голас ягоны;
  5. а за чужым ня ідуць, а ўцякаюць ад яго, бо ня ведаюць чужога голасу.
  6. Гэтую прытчу сказаў ім Ісус. Але яны не зразумелі, што такое Ён казаў ім.
  7. І вось, зноў Ісус сказаў ім: праўду, праўду кажу вам, што Я дзьверы авечкам.
  8. Усе, хто колькі іх ні прыходзіла перада Мною, — зладзеі і грабежнікі; але авечкі не паслухаліся іх;
  9. Я — дзьверы: хто ўвойдзе Мною, той уратуецца, і ўвойдзе і выйдзе, і пашу знойдзе.
  10. Злодзей прыходзіць толькі дзеля таго, каб украсьці, забіць і загубіць; Я прыйшоў дзеля таго, каб мелі жыцьцё і мелі ўдосталь.
  11. Я — Пастыр Добры: Пастыр Добры аддае жыцьцё сваё за авечкі;
  12. а найміт, ня пастыр, якому авечкі не свае, бачыць, як воўк падыходзіць, і пакідае авечкі і ўцякае, і воўк рабуе авечкі і разганяе іх;
  13. а найміт ўцякае, бо найміт і ня дбае пра авечкі.
  14. Я — Пастыр Добры, і ведаю Маіх, і Мае ведаюць Мяне:
  15. як Айцец ведае Мяне, так і Я ведаю Айца, і жыцьцё Маё кладу за авечкі.
  16. Ёсьць у Мяне і іншыя авечкі, якія ня з гэтай кашары, і тых трэба мне прывесьці: і яны пачуюць голас Мой, і будзе адзін статак і адзін Пастыр.
  17. За тое любіць Мяне Айцец, што Я аддаю жыцьцё Маё, каб зноў прыняць яго;
  18. ніхто не адбірае яго ў Мяне, а Я Сам аддаю яго: мбю ўладу аддаць яго і ўладу мбю зноў прыняць яго; такі наказ атрымаў Я ад Айца Майго.
  19. Ад гэтых словаў зноў узьнікла паміж Юдэямі нязгода.
  20. Многія зь іх казалі: Ён апантаны дэманам і шалее; чаго слухаеце Яго?
  21. Другія казалі: гэта словы не апантанага дэманам; ці ж можа дэман адмыкаць вочы сьляпым?
  22. А настала тады ў Ерусаліме сьвята абнаўленьня, і была зіма.
  23. І хадзіў Ісус у храме, у прытворы Саламонавым.
  24. Тут Юдэі абступілі Яго і казалі Яму: ці доўга Табе трымаць нас у няпэўнасьці? Калі Ты Хрыстос, скажы нам шчыра.
  25. Ісус адказваў ім: Я сказаў вам, і ня верыце; дзеі, якія твару Я ў імя Айца Майго, яны сьведчаць пра Мяне;
  26. але вы ня верыце, бо вы не з авечак Маіх, як Я сказаў вам;
  27. авечкі Мае слухаюцца голасу Майго, і Я ведаю іх, і яны ідуць за Мною,
  28. і Я даю ім жыцьцё вечнае, і не загінуць вавек, і ніхто ня вырве іх з рукі Мае;
  29. Айцец Мой, Які даў Мне іх, найбольшы за ўсіх, і ніхто ня можа адабраць іх з рукі Айца Майго:
  30. Я і Айцец — адно.
  31. Тут зноў Юдэі схапілі камяні, каб пабіць Яго.
  32. Ісус адказваў ім: многа добрых учынкаў паказаў Я вам ад Айца Майго; за які зь іх вы хочаце пабіць Мяне камянямі?
  33. Юдэі сказалі Яму ў адказ: не за добры ўчынак хочам пабіць камянямі Цябе, а за блюзьнерства і за тое, што Ты, чалавек, робіш Сябе Богам.
  34. Ісус адказваў ім: ці ж не напісана ў законе вашым: «Я сказаў: вы багі»?
  35. Калі Ён назваў багамі тых, каму было слова Божае, і ня можа парушыцца Пісаньне, —
  36. ці Таму, Каго Айцец асьвяціў і паслаў у сьвет, вы кажаце «блюзьнерыш», бо Я сказаў: Я Сын Божы?
  37. калі Я не твару дзеяў Айца Майго, ня верце Мне;
  38. а калі твару, дык калі ня верыце Мне, верце ўчынкам Маім, каб даведацца і паверыць, што Айцец ува Мне і Я ў Ім.
  39. Тады зноў намышлялі схапіць Яго, але Ён ухіліўся ад рук іхніх,
  40. і пайшоў зноў за Ярдан, на тое месца, дзе раней хрысьціў Ян, і застаўся там.
  41. Многія прыйшлі да Яго і казалі, што Ян ня ўчыніў ніякага цуду; але ўсё, што сказаў Ян пра Яго, была праўда.
  42. І многія там уверавалі ў Яго.

Постоянная ссылка на эту страницу bibleonline.ru/bible/bel/43/10/.

Выбор перевода и языка



© Библия Онлайн, 2003-2017