1. Калі настаў дзень Пяцідзясятніцы, усе яны былі аднадушна разам.
  2. І раптам зрабіўся шум зь неба, як бы ад павеву моцнага ветру, і напоўніў увесь дом, дзе яны былі.
  3. І зьявіліся ім языкі падзеленыя, як бы вогненныя, і апусьціліся па адным на кожнага зь іх.
  4. І напоўніліся ўсе Духам Сьвятым і пачалі гаварыць на іншых мовах, як Дух даваў ім вяшчаць.
  5. А ў Ерусаліме былі Юдэі, людзі набожныя, з усякага народу пад нябёсамі.
  6. Калі зрабіўся гэты шум, сабраліся людзі, і захваляваліся, бо кожны чуў іх, што гавораць на ягонай мове.
  7. І ўсе зьдзіўляліся і дзівавалі, кажучы паміж сабою: гэтыя, што гавораць, ці ня ўсе Галілеяне?
  8. Як жа мы чуем кожны сваю мову, у якой нарадзіліся,
  9. Парфяне і Мідзяне і Эламіты, і жыхары Месапатаміі, Юдэі і Кападокіі, Понта і Асіі,
  10. Фрыгіі і Памфіліі, Егіпта і частак Лівіі, што мяжуюцца з Кірынеяй, і прышлыя з Рыма, Юдэі і празеліты,
  11. Крыцяне і Аравіцяне, — чуем іх, як гавораць нашымі мовамі пра вялікія дзеі Божыя?
  12. І зьдзіўляліся ўсе і недаўмёна казалі адзін аднаму: што гэта азначае?
  13. А іншыя, насьміхаючыся, казалі: яны апіліся салодкім віном.
  14. А Пётр, стаўшы з адзінаццацьцю, узвысіў голас свой і прамовіў да іх: мужы Юдэйскія і ўсе, хто жыве ў Ерусаліме! гэта хай будзе вам вядома, і слухайце словы мае:
  15. яны не апіліся, як вы думаеце, бо цяпер трэйцяя гадзіна дня;
  16. а гэта ёсьць прадказанае прарокам Ёілем:
  17. «І будзе ў апошнія дні, кажа Бог, вылью ад Духа Майго на ўсякую плоць; і будуць прарочыць сыны вашыя і дочкі вашыя; і хлопцы вашыя будуць бачыць відзежы, і старцы вашыя снамі на розум наставяцца;
  18. і на рабоў Маіх і на рабыняў Маіх у тыя дні вылью ад Духа Майго, і будуць прарочыць.
  19. І дам цуды на небе ўгары і азнакі на зямлі ўнізе, кроў і вагонь і куродым:
  20. сонца абернецца ў цемру, і месяц у кроў, перш чым настане дзень Гасподні, вялікі і прасьветлены.
  21. І будзе: кожны, хто пакліча імя Гасподняе, уратуецца».
  22. Мужы Ізраільскія! выслухайце словы гэтыя: Ісуса Назарэя, Мужа, засьведчанага вам ад Бога сіламі і цудамі і азнакамі, якія Бог утварыў празь Яго сярод вас, як і самі ведаеце,
  23. Яго, паводле пэўнае рады і з прадбачаньня Божага выдадзенага, вы ўзялі і, прыбіўшы цьвікамі рукамі беззаконьнікаў, забілі;
  24. але Бог уваскрэсіў Яго, разарваўшы повязі сьмерці, бо ёй немагчыма было ўтрымаць Яго.
  25. Бо Давід кажа пра Яго: «бачыў я перад сабою Госпада заўсёды; бо Ён праваруч мяне, каб Я не пахіснуўся.
  26. Таму ўзрадавалася сэрца маё, і ўзьвесяліўся язык мой; нават і плоць мая супакоіцца ў спадзяваньні,
  27. бо Ты не пакінеш душы мае ў пекле і не дасі Сьвятому Твайму пабачыць тленьне.
  28. Ты даў мне спазнаць дарогу жыцьця; Ты напоўніш мяне радасьцю прад абліччам Тваім».
  29. Мужы браты! хай будзе дазволена адважна сказаць вам пра Давіда-прабацьку, што ён і памёр і пахаваны, і магіла ягоная ў нас па сёньняшні дзень;
  30. а будучы прарокам і ведаючы, што Бог клятвай абяцаў яму ад плоду сьцёгнаў ягоных ўзьвесьці Хрыста ў плоці і пасадзіць на прастоле ягоным,
  31. ён раней сказаў пра ўваскрэсеньне Хрыстовае, што не пакінута душа Ягоная ў пекле, і плоць Ягоная ня бачыла тленьня.
  32. Гэтага Ісуса Бог уваскрэсіў, чаго ўсе мы сьведкі.
  33. І вось Ён быў узьнесены правіцаю Божаю і, прыняўшы ад Айца абяцаньне Сьвятога Духа, выліў тое, што вы сёньня бачыце і чуеце.
  34. Бо Давід ня ўзышоў на нябёсы, а сам кажа: «сказаў Гасподзь Госпаду майму: сядзі праваруч Мяне,
  35. пакуль не пакладу ворагаў у падножжа ног Тваіх».
  36. Дык цьвёрда ведай, увесь дом Ізраілеў, што Бог зрабіў Госпадам і Хрыстом Гэтага Ісуса, Якога вы ўкрыжавалі.
  37. Чуючы гэта, яны ўмілаваліся сэрцам і сказалі Пятру і астатнім апосталам: што нам рабіць, мужы браты?
  38. А Пётр сказаў ім: пакайцеся, і хай ахрысьціцца кожны з вас у імя Ісуса Хрыста на дараваньне грахоў, — і атрымаеце дар Сьвятога Духа;
  39. бо вам належыць абяцаньне і дзецям вашым і ўсім далёкім, каго толькі пакліча Гасподзь Бог наш.
  40. Ды многімі іншымі словамі ён сьведчыў і ўмаўляў, кажучы: ратуйцеся ад роду гэтага распуснага, упарцістага.
  41. І вось тыя, якія прыхільна прынялі слова ягонае, ахрысьціліся, і далучылася таго дня душ каля трох тысяч;
  42. і яны ўвесь час заставаліся ў навуцы апосталаў, у абыходзе і ў ламаньні хлеба і ў малітвах.
  43. І быў страх у кожнай душы; і многа цудаў і азнакаў чынілася праз апосталаў у Ерусаліме.
  44. А ўсе вернікі былі разам і ўсё ў іх было супольнае:
  45. і прадавалі дастаткі свае і ўсякую маёмасьць, і надзялялі ўсіх гледзячы па патрэбе кожнага;
  46. і кожны дзень аднадушна заставаліся ў храме і, ламаючы па дамах хлеб, прымалі страву ў радасьці і ў шчырасьці сэрца,
  47. праслаўляючы Бога і маючы любоў усяго народу. А Гасподзь штодня дадаваў царкве тых, хто ратаваўся.

Постоянная ссылка на эту страницу bibleonline.ru/bible/bel/44/02/.

Выбор перевода и языка



© Библия Онлайн, 2003-2016