1. У Іканіі яны ўвайшлі разам у Юдэйскую сынагогу і гаварылі так, што ўверавала вялікае мноства Юдэяў і Элінаў.
  2. А Юдэі, якія ня верылі, падбілі і ўзбурылі супраць братоў сэрцы язычнікаў.
  3. Але яны прабылі там досыць доўга, мужна дзеючы ў імя Госпада, Які, у сьведчаньне слову мілаты Сваёй, тварыў рукамі іхнімі азнакі і цуды.
  4. Тым часам люд у горадзе падзяліўся: і адны былі на баку Юдэяў, а другія на баку апосталаў.
  5. Калі ж язычнікі і Юдэі са сваімі начальнікамі кінуліся на іх, каб зьняважыць і пабіць іх каменьнем,
  6. яны, дазнаўшыся пра гэта, адышлі ў Лікаонскія гарады Лістру і Дэрвію і ў іхняе навакольле,
  7. і там дабравесьцілі.
  8. У Лістры адзін чалавек, не валодаючы нагамі, сядзеў, бо кульгавы быў ад улоньня маці сваёй, і ніколі не хадзіў.
  9. Ён слухаў прамоўцу Паўла, які, зірнуўшы на яго і ўбачыўшы, што ён мае веру на атрыманьне ацаленьня,
  10. сказаў гучным голасам: табе кажу ў імя Госпада Ісуса Хрыста: стань на ногі твае проста! І той адразу ўскочыў і пачаў хадзіць.
  11. А люд, убачыўшы, што зрабіў Павал, узвысіў свой голас, кажучы па-лікаонску: багі ў вобразе чалавечым зышлі да нас.
  12. І называлі Варнаву Зэўсам, а Паўла Гермэсам, бо ён начальнічаў у слове,
  13. а жрэц ідала Зэўса, пастаўленага перад іхнім горадам, прывёўшы да брамы валоў і прынёсшы вянкі, хацеў разам з народам прынесьці ахвяры.
  14. Але апосталы Варнава і Павал, пачуўшы пра гэта, разадралі сваё адзеньне і, кінуўшыся ў народ, зычным голасам казалі:
  15. мужы! што гэта вы робіце? і мы — падобныя на вас людзі, і зьвястуем вам, каб вы навярнуліся ад гэтых марных да Бога жывога, Які стварыў неба і зямлю і мора і ўсё, што ў іх;
  16. Які ў мінулых пакаленьнях дапусьціў усім народам хадзіць сваімі шляхамі,
  17. хоць і не пераставаў сьведчыць пра Сябе добрымі дзеямі, даючы нам зь неба дажджы і поры ўраджайныя і напаўняючы ежай і радасьцю сэрцы нашыя.
  18. І кажучы гэта, яны ледзьве ўгаварылі людзей ня прыносіць ім ахвяры і ісьці кожнаму дамоў. Тым часам як яны, застаючыся там, вучылі,
  19. з Антыахіі і Іканіі прыйшлі некаторыя Юдэі і, калі апосталы адважна прапаведавалі, пераканалі людзей адступіцца ад іх, кажучы: яны ня кажуць нічога праўдзівага, а ўсё хлусяць. І падбухторыўшы люд, пабілі Паўла камянямі і вывалаклі за горад, думаючы, што ён мёртвы.
  20. Калі ж вучні сабраліся каля яго, ён устаў і пайшоў у горад, і на другі дзень адышоў з Варнавам у Дэрвію.
  21. Абвясьціўшы Дабравесьце гэтаму гораду і прыдбаўшы многа вучняў, яны пайшлі назад празь Лістру, Іканію і Антыахію,
  22. мацуючы душы вучням, умаўляючы заставацца ў веры і павучаючы, што праз многія скрухі належыць нам увайсьці ў Царства Божае.
  23. А рукапаклаўшы ім прасьвітараў у кожнай царкве, яны памаліліся з постам і перадалі іх Госпаду, у Якога ўверавалі.
  24. Потым, прайшоўшы празь Пісідыю, прыйшлі ў Памфілію;
  25. і, прапаведаўшы слова Гасподняе ў Пэргіі, выйшлі ў Аталію,
  26. а адтуль адплылі ў Антыахію, адкуль былі аддадзены мілаце Божай на дзею, якую і справілі.
  27. Дабраўшыся туды і склікаўшы царкву, яны расказалі пра ўсё, што Бог учыніў зь імі і як Ён адчыніў дзьверы веры язычнікам;
  28. і заставаліся там не малы час з вучнямі.

Постоянная ссылка на эту страницу bibleonline.ru/bible/bel/44/14/.

Выбор перевода и языка



© Библия Онлайн, 2003-2016