1. Любасныя! ня кожнаму духу верце, а выпрабоўвайце духаў, ці ад Бога яны, бо многа ілжэпрарокаў зьявілася ў сьвеце.
  2. Духа Божага (і духа аблуды) пазнавайце так: кожны, які вызнае Ісуса Хрыста, што прыйшоў у плоці, ёсьць Божы;
  3. а кожны дух, які не вызнае Ісуса Хрыста, што прыйшоў у плоці, ня ёсьць Божы, а гэта дух антыхрыста, пра якога вы чулі, што ён прыйдзе і цяпер ёсьць ужо ў сьвеце.
  4. Дзеці! вы Божыя, і перамаглі іх; бо Той, хто ў вас, большы за таго, хто ў сьвеце.
  5. Яны ад сьвету, таму і гавораць па-сьвецку, і сьвет слухае іх.
  6. Мы Божыя: хто ведае Бога, той слухае нас; хто ня Божы, той ня слухае нас. Вось па гэтым пазнаём духа ісьціны і духа аблуды.
  7. Любасныя! будзем любіць адно аднаго, бо любоў ад Бога, і кожны, хто любіць, народжаны ад Бога і ведае Бога;
  8. хто ня любіць, той не спазнаў Бога, таму што Бог ёсьць любоў.
  9. Любоў Божая да нас адкрылася ў тым, што Бог паслаў у сьвет Адзінароднага Сына Свайго, каб мы атрымалі жыцьцё празь Яго.
  10. У тым любоў, што ня мы палюбілі Бога, а Ён палюбіў нас і паслаў Сына Свайго, каб умілажаліцца з грахоў нашых.
  11. Любасныя! калі так палюбіў нас Бог, дык і мы павінны любіць адно аднаго.
  12. Бога ніколі ніхто ня бачыў: калі мы любім адно аднаго, дык Бог у нас жыве, і любоў Ягоная дасканалая ёсьць у нас.
  13. Што мы жывём у Ім і Ён у нас, пазнаём з таго, што Ён даў нам ад Духа Свайго.
  14. І мы бачылі і сьведчым, што Айцец паслаў Сына Збаўцам сьвету.
  15. Хто вызнае, што Ісус ёсьць Сын Божы, у тым жыве Бог, і ён у Богу.
  16. І мы спазналі любоў, якую мае да нас Бог, і паверылі ў яе. Бог ёсьць любоў, і хто жыве ў любові, той жыве ў Богу, і Бог у ім.
  17. Любоў да той дасканаласьці дасягае ў нас, што мы маем адвагу ў дзень судны, бо ўчыняем у сьвеце гэтым, як Ён.
  18. У любові няма страху, а дасканалая любоў праганяе страх, бо ў страху ёсьць пакута; хто баіцца, той не дасканалы ў любові.
  19. Будзем любіць Яго, бо Ён раней палюбіў нас.
  20. Хто кажа: я люблю Бога, а брата свайго ненавідзіць, той ілжэ; бо хто ня любіць брата свайго, якога бачыць, як можа любіць Бога, Якога ня бачыць?
  21. І мы маем ад Яго такі наказ, каб той, хто любіць Бога, любіў і брата свайго.

Постоянная ссылка на эту страницу bibleonline.ru/bible/bel/48/04/.

Выбор перевода и языка



© Библия Онлайн, 2003-2016