1. Праўду кажу ў Хрысьце, ня хлушу, сьведчыць мне сумленьне маё ў Духу Сьвятым,
  2. што вялікі мне смутак і няспынная болесьць сэрцу майму:
  3. я хацеў бы сам быць адлучаны ад Хрыста за братоў маіх, родных мне па плоці;
  4. гэта азначае, Ізраільцян, якім належаць усынаўленьне і слава, і запаветы і заканадаўства, і набажэнства і абяцаньні;
  5. іхнія і бацькі, і ад іх Хрыстос па плоці, існы над ўсім Бог, дабраславёны навекі, амін.
  6. Але ня тое, каб слова Божае ня спраўдзілася. Бо ня ўсе тыя Ізраільцяне, якія ад Ізраіля,
  7. і ня ўсе дзеці Абрагамавыя, якія ад семені ягонага; а (сказана): «у Ісааку назавецца табе семя».
  8. Гэта значыцца, ня плоцкія дзеці — дзеці Божыя; а дзеці абяцаньня прызнаюцца за семя.
  9. А слова абяцаньня такое: «у гэты самы час прыйду, а ў Сары будзе сын».
  10. І не адно гэта; а гэтак сама было і з Рэбэкаю, калі яна зачала ў адзін час двух сыноў ад Ісаака, бацькі нашага;
  11. бо калі яны яшчэ не нарадзіліся і не зрабілі нічога добрага альбо благога (каб у пастанове Бог быў вольны выбіраць
  12. залежна не ад учынкаў, а ад Таго, Хто кліча), — сказана было ёй: «большы будзе ў паслужэньні ў меншага»,
  13. як і напісана: «Якава Я палюбіў, а Ісава зьненавідзеў».
  14. Што ж скажам? Няўжо несправядлівасьць у Бога? Зусім не!
  15. Бо Ён кажа Майсею: «каго мілаваць, памілую; каго шкадаваць, пашкадую».
  16. Дык вось, памілаваньне залежыць не ад таго, хто хоча і імкнецца, а ад Бога, Які мілуе.
  17. Бо Пісаньне кажа фараону: «На тое Я і паставіў цябе, каб паказаць над табою сілу Маю, і каб прапаведана было імя Маё па ўсёй зямлі».
  18. Дык вось, каго хоча, мілуе; а каго хоча, робіць жорсткім.
  19. Ты скажаш мне: за што ж яшчэ дакарае? Бо хто ўсупрацівіцца волі Ягонай?
  20. А ты хто, чалавеча, што спрачаешся з Богам? Ці скажа творыва творцу: навошта ты мяне так зрабіў?
  21. Ці ж ня мае ганчар улады над глінаю, каб з таго самага месіва зрабіць адзін посуд на ганаровае ўжываньне, а другі — на буднае?
  22. Што ж, калі Бог, хочучы паказаць гнеў і явіць магутнасьць Сваю, зь вялікай і доўгай цярплівасьцю пераносіў сасуды гневу, угатаваныя на пагібель,
  23. каб разам выявіць багацьце славы Сваёй над посудамі міласэрнасьці, якія Ён падрыхтаваў для славы, —
  24. над намі, каго Ён паклікаў ня толькі зь Юдэяў, але і зь язычнікаў?
  25. Як і ў Асіі кажа: «ня Мой народ назаву Маім народам, і не каханую каханаю».
  26. І на тым месцы, дзе сказана ім: «вы ня Мой народ, там названыя будуць сынамі Бога жывога».
  27. А Ісая ўсклікае пра Ізраіля: «хай хоць будуць сыны Ізраіля лікам, як пясок марскі, толькі рэшта ўратуецца;
  28. бо дзею заканчвае і скора вырашыць па праўдзе, дзею рашучую ўчыніць Гасподзь на зямлі»
  29. і як прадказаў Ісая: «калі б Гасподзь Саваоф не пакінуў нам семені, мы зрабіліся б, як Садома, і былі б падобныя да Гаморы».
  30. Што ж скажам? Што язычнікі, якія ня шукалі праведнасьці, атрымалі праведнасьць, праведнасьць ад веры;
  31. а Ізраіль, які шукаў закона праведнасьці, не дайшоў да закона праведнасьці.
  32. Чаму? Таму, што шукалі ня ў веры, а ў дзеях закона; бо спатыкнуліся аб камень спатыкненьня,
  33. як напісана: «вось, кладу ў Сыёне камень спатыкненьня і скалу панады; і хто верыць у Яго, не пасароміцца».

Постоянная ссылка на эту страницу bibleonline.ru/bible/bel/52/09/.

Выбор перевода и языка



© Библия Онлайн, 2003-2016