1. Браты! упадабаньне майго сэрца і малітва да Бога за Ізраіля на збавеньне.
  2. Бо сьведчу ім, што маюць руплівасьць Божую, а не паводле розуму.
  3. Бо, не разумеючы Божай праведнасьці і імкнучыся паставіць сваю праведнасьць, яны не скарыліся праведнасьці Божай;
  4. бо канец закона — Хрыстос, дзеля праведнасьці кожнаму веруючаму.
  5. Майсей піша пра праведнасьць ад закона: «чалавек, які яго выконвае, жыць будзе ім».
  6. А праведнасьць ад веры так кажа: «не кажы ў сэрцы тваім: хто ўзыдзе на неба?» — каб Хрыста зьвесьці;
  7. альбо: «хто сыдзе ў бездань?» — каб Хрыста зь мёртвых узьвесьці.
  8. А што кажа Пісаньне? «Блізка да цябе слова, у вуснах тваіх і ў сэрцы тваім» — слова веры, якое прапаведуем.
  9. Бо калі вуснамі тваімі будзеш вызнаваць Ісуса за Госпада і сэрцам тваім верыць, што Бог уваскрэсіў Яго зь мёртвых, ты выратуешся;
  10. бо сэрцам вераць дзеля праведнасьці, а вуснамі вызнаюць на збавеньне.
  11. Бо Пісаньне кажа: «кожны, хто верыць у Яго, не пасаромлены будзе».
  12. Тут няма розьніцы паміж Юдэем і Элінам, бо адзін Гасподзь ва ўсіх, шчодры да ўсіх, хто Яго заклікае.
  13. Бо «кожны, хто пакліча імя Госпада, уратуецца».
  14. Але як паклікаць Таго, у Каго ня ўверавалі? як верыць у Таго, пра Каго ня чулі? як пачуць без прапаведніка?
  15. І як прапаведаваць, калі ня будзе пасланых? як напісана: «якія прыгожыя ногі ў вястуноў міру, вястуноў добрай весткі!»
  16. Але ня ўсе паслухаліся зьвеставаньня. Бо Ісая кажа: «Госпадзе! хто паверыў пачутаму ад нас?»
  17. Такім чынам, вера ад слуханьня, а слуханьне — ад слова Божага.
  18. Але пытаюся: хіба яны ня чулі? Наадварот, «па ўсёй зямлі прайшоў голас іхні, і да межаў сусьвету іхнія словы».
  19. Яшчэ пытаюся: хіба Ізраіль ня ведаў? Першы кажа Майсей: «Я ўзбуджу ў вас рупнасьць не народам, раздражню вас народам бязглуздым».
  20. А Ісая сьмела маўляе: «Мяне знайшлі тыя, хто ня шукаў Мяне, Я адкрыўся тым, хто ня пытаўся пра Мяне».
  21. А пра Ізраіля кажа: «цэлы дзень Я працягваў рукі Мае да люду няслухмянага і ўпарцістага».

Постоянная ссылка на эту страницу bibleonline.ru/bible/bel/52/10/.

Выбор перевода и языка



© Библия Онлайн, 2003-2016