1. Мы, моцныя, павінны насіць немачы бясьсілых і не сабе дагаджаць:
  2. кожны з нас мусіць дагаджаць блізкаму, на дабро, у навучаньне.
  3. Бо і Хрыстос не Сабе дагаджаў, а як напісана: «ліхаслоўе тых, што ліхасловяць Цябе, упала на Мяне».
  4. А ўсё, што пісана было раней, напісана нам дзеля настаўленьня, каб мы цярплівасьцю і суцяшэньнем зь Пісаньняў захоўвалі надзею.
  5. А Бог цярплівасьці і суцяшэньня няхай дасьць вам быць у аднадумстве паміж сабою, паводле вучэньня Хрыста Ісуса,
  6. каб вы аднадушна, адзінымі вуснамі славілі Бога і Айца Госпада нашага Ісуса Хрыста.
  7. Таму прымайце адзін аднаго, як і Хрыстос прыняў вас на славу Божую.
  8. Разумею тое, што Ісус Хрыстос зрабіўся слугою абрэзаных — дзеля ісьціны Божай, каб выканаць абяцанае бацькам,
  9. а язычнікам — зь літасьці, каб славілі Бога, як напісана: «за тое буду славіць Цябе, (Госпадзе), сярод язычнікаў і буду сьпяваць імені Твайму».
  10. І яшчэ сказана: «узьвесялецеся, язычнікі, з народам Ягоным».
  11. І яшчэ: «хвалеце Госпада, усе язычнікі, і праслаўляйце Яго, усе народы».
  12. Ісая таксама кажа: «будзе корань Есэеў, і паўстане валодаць народамі; на Яго язычнікі спадзявацца будуць».
  13. А Бог надзеі хай напоўніць вас усякай радасьцю і мірам у веры, каб вы, сілаю Духа Сьвятога, узбагаціліся надзеяю.
  14. І сам я пэўны за вас, браты мае, што і вы поўныя даброці, поўныя ўсякага веданьня і можаце настаўляць адно аднаго;
  15. але пісаў вам, браты, з пэўнай адвагаю, часткова як бы ў напамін вам, паводле дадзенай мне ад Бога мілаты
  16. быць слугою Ісуса Хрыста ў язычнікаў і выконваць сьвяшэнную службу зьвеставаньня Божага, каб гэтае прынашэньне язычнікаў, асьвечанае Духам Сьвятым, было спадобнае Богу.
  17. І вось, я магу пахваліцца ў Ісусе Хрысьце тым, што ідзе ад Бога;
  18. бо не адважуся сказаць што-небудзь такое, чаго ня ўчыніў Хрыстос празь мяне, у скарэньні язычнікаў у веру, словам і ўчынкам,
  19. сілаю азнакаў і цудаў, сілаю Духа Божага, так што зьвеставаньне Хрыстовае пашырана мною ад Ерусаліма і навакольляў да Ілірыка.
  20. Пры тым я стараўся зьвеставаць ня там, дзе ўжо было вядомае імя Хрыстовае, каб не будаваць на чужым падмурку,
  21. а як напісана: «каму пра Яго не абвяшчалася, убачаць, і тыя, што ня чулі, уведаюць».
  22. Якраз гэта шмат разоў перашкаджала мне прыйсьці да вас.
  23. А сёньня, ня маючы такое справы ў гэтых краінах, а з даўніх гадоў жадаючы прыйсьці да вас,
  24. як толькі выпраўлюся ў Іспанію, прыйду да вас. Бо спадзяюся, што, праходзячы, пабачуся з вамі, і што вы праводзіце мяне туды, як толькі нацешуся лучнасьцю з вамі, хоць трохі.
  25. А цяпер я іду ў Ерусалім, каб паслужыць сьвятым;
  26. бо Македонія і Ахая рупяцца нешта ўдзяліць бедным сярод сьвятых у Ерусаліме.
  27. Рупяцца, ды і вінаватыя яны перад імі. Бо, калі язычнікі зрабіліся ўдзельнікамі ў іх духоўным, дык павінны і ім паслужыць у цялесным.
  28. Выканаўшы гэта і верна перадаўшы ім гэты плод рупнасьці, я выпраўлюся праз вашыя мясьціны ў Іспанію,
  29. і ўпэўнены, што калі прыйду да вас, дык прыйду з поўным дабраславеньнем зьвеставаньня Хрыстовага.
  30. Тым часам малю вас, браты, Госпадам нашым Ісусам Хрыстом і любоўю Духа, паспрыяць мне ў малітвах за мяне да Бога,
  31. каб пазбыцца мне няверуючых у Юдэі, і каб служэньне маё Ерусаліму было даспадобы сьвятым,
  32. каб мне ў радасьці, калі Богу заўгодна, прыйсьці да вас і супакоіцца з вамі.
  33. А Бог згоды хай будзе з усімі вамі. Амін.

Постоянная ссылка на эту страницу bibleonline.ru/bible/bel/52/15/.

Выбор перевода и языка



© Библия Онлайн, 2003-2016