1. Павал, з волі Божае апостал Ісуса Хрыста, і Цімафей брат Царкве Божай у Карынфе з усімі сьвятымі па ўсёй Ахаіі:
  2. мілата вам і мір ад Бога Айца нашага і Госпада Ісуса Хрыста.
  3. Дабраславёны Бог і Айцец Госпада нашага Ісуса Хрыста, Айцец міласэрнасьці і Бог усякага суцяшэньня,
  4. Які суцяшае нас ва ўсякай маркоце нашай, каб і мы маглі суцяшаць усіх замаркочаных тым суцяшэньнем, якім Бог суцяшае нас саміх!
  5. Бо як памнажаюцца ў нас цярпеньні Хрыстовыя, памнажаецца Хрыстом і суцяшэньне нашае.
  6. Калі церпім смуткі мы, церпім дзеля вашага суцяшэньня і ўратаваньня, якое адбываецца празь цярпеньне такіх самых пакутаў, якія і мы церпім;
  7. і надзея наша на вас цьвёрдая. Ці суцяшаемся мы, суцяшаемся дзеля вашага суцяшэньня і ўратаваньня, ведаючы, што вы маеце долю як у цярпеньнях нашых, так і ў суцяшэньні.
  8. Бо мы ня хочам пакінуць вас, браты, каб ня ведалі вы пра смутак наш, што выпаў нам у Асіі, бо над усякую меру і над сілу былі мы прыгнечаныя, так што ня мелі надзеі і жыць.
  9. Але самі ў сабе мелі вырак на сьмерць, каб спадзяваліся не на саміх сябе, а на Бога, Які ўваскрашае мёртвых,
  10. Які і выбавіў нас ад такое блізкае сьмерці і выбаўляе, і на Якога спадзяёмся, што і яшчэ выбавіць,
  11. калі паспрыяе і ваша малітва за нас, каб за дадзенае нам па просьбе многіх, многія падзякавалі за нас.
  12. Бо пахвала нашая гэтая ёсьць сьведчаньне сумленьня нашага, што мы ў чысьціні і богаспадобнай шчырасьці, ня ў плоцкай мудрасьці, а ў мілаце Божай, жылі ў сьвеце, асабліва ў вас.
  13. І мы ня пішам вам іншага, як толькі тое, што вы чытаеце або разумееце, і што, як спадзяюся, да канца зразумееце,
  14. як што вы ўжо часткова і зразумелі, што мы будзем вашаю славай, як і вы — нашаю, у дзень Госпада нашага Ісуса Хрыста,
  15. і ў гэтай пэўнасьці я зьбіраюся адведаць вас раней, каб вы яшчэ раз атрымалі мілату,
  16. і ад вас перайсьці ў Македонію, а з Македоніі зноў прыйсьці да вас, а вы мяне выправілі б у Юдэю.
  17. Маючы такі намер, ці не легкадумна я зрабіў? Альбо, што я задумваю, па плоці задумваю, так што ўва мне то «так-так», то «не-не»?
  18. Але верны Бог, што слова наша да вас ня было то «так», то «не».
  19. Бо Сын Божы Ісус Хрыстос, Якога мы, я і Сілуан і Цімафей, прапаведавалі вам, ня быў «так» і «не»; а ў Ім было «так»,
  20. бо ўсе абяцаньні Божыя ў ім «так» і ў Ім «амін» на славу Божую праз нас.
  21. А Той, Хто мацуе нас з вамі ў Хрысьце і памазаў нас, ёсьць Бог,
  22. Які і паклаў на нас пячатку і даў заклад Духа ў сэрцы нашыя.
  23. Бога заклікаю ў сьведкі на душу маю, што, шкадуючы вас, я дагэтуль ня прыходзіў у Карынф,
  24. не таму, што быццам мы бяром уладу над вераю вашаю; але мы спрыяем радасьці вашай; бо вераю вы цьвёрдыя.

Постоянная ссылка на эту страницу bibleonline.ru/bible/bel/54/01/.

Выбор перевода и языка



© Библия Онлайн, 2003-2016