1. Ці не пачаць нам нанава знаёміцца з вамі? Няўжо патрэбныя нам, як некаторым, пахвальныя лісты да вас альбо ад вас?
  2. Вы — нашае пісьмо, напісанае ў сэрцах нашых, пазнаванае і чытанае ўсімі людзьмі;
  3. вы паказваеце сабою, што вы — пісьмо Хрыстовае, праз служэньне наша напісанае не чарнілам, а Духам Бога Жывога, не на скрыжалях каменных, а на плоцкіх скрыжалях сэрца.
  4. Такую пэўнасьць мы маем у Богу праз Хрыста,
  5. не таму, што мы самі здольныя былі вымысьліць нешта ад сябе, як бы ад сябе, а здольнасьць нашая ад Бога;
  6. Ён даў нам здольнасьць быць слугамі Новага Запавету, ня літары, а Духа, бо літара забівае, а Дух творыць жыцьцё.
  7. Калі ж служэньне сьмерці, сьмертаносным літарам, выразанае на камянях, было такое слаўнае, што сыны Ізраіля не маглі глядзець на аблічча Майсеевае з прычыны мінушчае славы аблічча ягонага,
  8. дык наколькі ж большае павінна быць служэньне Духа ў славе!
  9. Бо калі служэньне асуджэньня — слава, дык тым больш пераважае ў славе служэньне апраўданьня.
  10. Тое праслаўленае нават ня мае ўжо славы з гэтага боку, з прычыны большае славы наступнага.
  11. Бо, калі мінушчае слаўнае, дык болей слаўнае тое, што застаецца жыць.
  12. Маючы такую надзею, мы дзейнічаем зь вялікай адвагаю,
  13. а ня так, як Майсей, які клаў покрыва на аблічча сваё, каб сыны Ізраіля не глядзелі на канец мінушчага.
  14. Але розум іхні асьлеплены: бо тое самае покрыва дагэтуль застаецца нязьнятае пры чытаньні Новага Запавету, бо здымаецца яно Хрыстом.
  15. Дагэтуль, калі яны чытаюць Майсея, покрыва ляжыць на сэрцы іхнім;
  16. але калі зьвяртаюцца да Госпада, тады гэта покрыва здымаецца.
  17. Гасподзь ёсьць Дух; а дзе Дух Гасподні, там свабода.
  18. А мы ўсе, як у люстры, гледзячы на славу Гасподнюю, зьмяняемся ў той самы вобраз са славы ў славу, як з Гасподняга Духа.

Постоянная ссылка на эту страницу bibleonline.ru/bible/bel/54/03/.

Выбор перевода и языка



© Библия Онлайн, 2003-2016