1. Паведамляем вам, браты, пра мілату Божую, дадзеную цэрквам Македонскім;
  2. бо яны сярод вялікіх выпрабаваньняў нягодамі маюць шмат радасьці, і глыбокая галеча іхняя разьліваецца бяз краю ў шчодрасьці іхняй гасьціннасьці;
  3. бо яны зычлівыя па сіле і па-над сіламі — я сьведка:
  4. яны вельмі пераканаўча прасілі нас прыняць дар і ўдзел іхні ў служэньні сьвятым;
  5. і ня толькі тое, на што мы спадзяваліся, але яны аддалі саміх сябе найперш Госпаду, потым і нам з волі Божае;
  6. таму мы прасілі Ціта, каб ён, як быў пачаў, так і скончыў у вас і гэтую добрую дзею.
  7. А як што вы перапоўненыя ўсім: вераю і словам, і пазнаньнем і ўсякай руплівасьцю, і любоўю вашаю да нас, — дык прасякнецеся ж і гэтаю дабрачыннасьцю.
  8. Кажу гэта не як загад, а дбаньнем іншых выпрабоўваю шчырасьць і вашай любові.
  9. Бо ведаеце вы мілату Госпада нашага Ісуса Хрыста, што Ён, будучы багаты, зьбяднеў дзеля вас, каб вы ўзбагаціліся Ягонай беднасьцю.
  10. Я даю на гэта раду: бо гэта карысна вам, вы ня толькі пачалі рабіць гэта, але і жадалі таго яшчэ зь леташняга.
  11. Завяршэце ж цяпер самую дзею, каб, чаго так моцна прагнулі, тое і зроблена было па магчымасьці.
  12. Бо, калі ёсьць руплівасьць, дык яна прымаецца залежна ад таго, хто мае, а не ад таго, чаго ня мае.
  13. Тут трэба, каб іншым была палёгка, а вам цяжар, але каб была роўнасьць.
  14. Сёньня ваш дастатак на пакрыцьцё іхняй нястачы; а пасьля іх дастатак на пакрыцьцё вашай нястачы, каб была роўнасьць,
  15. як напісана: «хто сабраў многа, ня меў лішняга, і хто — мала, ня меў нястачы».
  16. Дзякаваць Богу, што Ён уклаў у Цітава сэрца такую руплівасьць пра вас;
  17. бо, хоць я і прасіў яго, але ён, будучы занадта руплівы, пайшоў да вас з добрае волі.
  18. Зь ім паслалі мы таксама брата, якога ва ўсіх цэрквах многа хваляць за зьвеставаньне,
  19. і пры гэтым выбранага ад цэркваў у спадарожнікі нам для гэтага добрага пачынаньня, якому мы служым у славу Самога Госпада і ў згодзе з руплівасьцю вашай,
  20. асьцерагаючыся, каб хто не наракаў на нас пры такой шчодрасьці прынашэньняў, якія давераны нашаму служэньню;
  21. бо мы дбаем за дабро ня толькі перад Госпадам, але і перад людзьмі.
  22. Мы паслалі зь імі і брата нашага, чыю руплівасьць шмат разоў праверылі ў многім, і які сёньня яшчэ руплівейшы празь вялікі давер да вас.
  23. Што да Ціта, гэта — мой сябар і супрацоўнік у вас; а што да братоў нашых, гэта — пасланцы цэркваў, слава Хрыстова.
  24. Дык вось, перад абліччам цэркваў дайце ім доказ любові вашай і таго, што мы справядліва ганарымся вамі.

Постоянная ссылка на эту страницу bibleonline.ru/bible/bel/54/08/.

Выбор перевода и языка



© Библия Онлайн, 2003-2016