1. Трэйці ўжо раз іду да вас: «пры вуснах двух альбо трох сьведкаў будзе цьвёрдае кожнае слова».
  2. Я запабягаў і запабягаю, як бы ў маёй другой прысутнасьці ў вас, і цяпер у адсутнасьці, пішу тым, што раней зграшылі, і ўсім астатнім, што, калі зноў прыйду, не пашкадую.
  3. Вы шукаеце доказу, што Хрыстос гаворыць ува мне: Ён супроць вас не бясьсілы, а моцны ў вас.
  4. Бо, хоць Ён і ўкрыжаваны ў немачы, але жывы сілаю Божаю; і мы таксама, хоць нямоглыя ў Ім, але будзем жывыя зь Ім сілаю Божаю ў вас.
  5. Выпрабоўвайце саміх сябе, ці ў веры вы? саміх сябе дасьледуйце. Альбо вы ня ведаеце саміх сябе, што Ісус Хрыстос у вас? Хіба толькі вы ня тое, чым павінны быць.
  6. А пра нас, спадзяюся, даведаецеся, што мы тое, чым быць павінны.
  7. Молім Бога, каб вы не рабілі ніякага ліха, не на тое, каб нам здацца, чым павінны быць; а каб вы рабілі дабро, хоць бы мы здаваліся і ня тым, чым павінны быць.
  8. Бо мы ня моцныя супроць праўды, а моцныя за праўду.
  9. Мы радуемся, калі мы нямоглыя, а вы моцныя; за гэта якраз і молімся, за вашую дасканаласьць.
  10. На тое я і пішу гэта ў адсутнасьці, каб у прысутнасьці ня ўжыць строгасьці ўлады, дадзенай мне Госпадам на збудаваньне, а не на руйнаваньне.
  11. Аднак жа, браты, радуйцеся, удасканальвайцеся, суцяшайцеся, будзьце аднамысныя, мірныя, — і Бог любові і міру будзе з вамі.
  12. Вітайце адзін аднаго цалаваньнем сьвятым. Вітаюць вас усе сьвятыя.
  13. Мілата Госпада нашага Ісуса Хрыста, і любоў Бога Айца, і лучнасьць Сьвятога Духа з усімі вамі. Амін.

Постоянная ссылка на эту страницу bibleonline.ru/bible/bel/54/13/.

Выбор перевода и языка



© Библия Онлайн, 2003-2016