1. Павал апостал выбраны ня людзьмі і не праз чалавека, а Ісусам Хрыстом і Богам Айцом, Які ўваскрэсіў Яго зь мёртвых,
  2. і ўсе браты, якія са мною, — цэрквам Галятыйскім:
  3. мілата вам і мір ад Бога Айца і Госпада нашага Ісуса Хрыста,
  4. Які аддаў Сябе Самога за грахі нашыя, каб выбавіць нас ад цяперашняга падступнага веку, па волі Бога і Айца нашага;
  5. Яму слава на векі вечныя. Амін.
  6. Зьдзіўляюся, што вы так хутка пераходзіце ад таго, хто заклікаў вас мілатою Хрыстоваю, да іншага зьвеставаньня,
  7. якое, аднак, ня іншае, а толькі ёсьць людзі, якія зводзяць вас і хочуць перавярнуць зьвеставаньне Хрыстовае.
  8. Але калі б нават мы, альбо анёл зь неба пачаў зьвеставаць вам ня тое, што мы зьвеставалі вам, хай будзе анатэма.
  9. Як раней мы сказалі, так і цяпер яшчэ кажу: хто зьвястуе вам ня тое, што вы прынялі, хай будзе анатэма.
  10. Ці ў людзей я цяпер шукаю ўпадабаньня, ці ў Бога? ці людзям дагаджаць стараюся? Калі б я і дагэтуль дагаджаў людзям, дык ня быў бы рабом Хрыстовым.
  11. Абвяшчаю вам, браты, што Дабравесьце, якое я абвяшчаў, ня ёсьць чалавечае;
  12. бо і я прыняў яго і навучыўся не ад чалавека, а праз адкрыцьцё Ісуса Хрыста.
  13. Вы чулі пра мой ранейшы лад жыцьця ў Юдэйстве, як я жорстка прасьледаваў Царкву Божую і спусташаў яе,
  14. і вызначыўся ў Юдэйстве сярод многіх равесьнікаў з роду майго, бо быў я зацяты прыхільнік бацькоўскіх маіх паданьняў.
  15. Калі ж Бог, выбраўшы мяне ад улоньня маці маёй і заклікаўшы мілатою Сваёю,
  16. зажадаў адкрыць ува мне Сына Свайго, каб я зьвеставаў Яго язычнікам, я не пачаў адразу ж раіцца з плоцьцю і крывёю,
  17. і не пайшоў у Ерусалім да тых апосталаў, якія ішлі перада мною, а пайшоў у Аравію, і зноў вярнуўся ў Дамаск.
  18. Пасьля, праз тры гады, хадзіў я ў Ерусалім пабачыцца зь Пятром і пабыў у яго дзён пятнаццаць.
  19. А другога з апосталаў я ня бачыў нікога, акрамя Якава, брата Гасподняга.
  20. А ў тым, што пішу вам, прад Богам, ня ілгу.
  21. Пасьля гэтага адышоў я ў землі Сірыі і Кілікіі.
  22. Цэрквам Хрыстовым у Юдэі асабіста я ня быў вядомы,
  23. а толькі чулі яны, што колішні іхні ганіцель цяпер зьвястуе веру, якую раней вынішчаў,
  24. і праслаўлялі за мяне Бога.

Постоянная ссылка на эту страницу bibleonline.ru/bible/bel/55/01/.

Выбор перевода и языка



© Библия Онлайн, 2003-2016