1. Дык вось я, вязень у Госпадзе, малю вас хадзіць годна званьня, у якое вы закліканы,
  2. з усёй пакорлівай мудрасьцю і лагоднасьцю і доўгай цярплівасьцю, у любові трываючы адзін аднаго,
  3. імкнучыся захоўваць адзінства Духа ў саюзе міру.
  4. Адно цела і адзін Дух, як вы і закліканы да адной надзеі вашага пакліканьня;
  5. адзін Гасподзь, адна вера, адно хрышчэньне,
  6. адзін Бог і Айцец усіх, Які над усімі, і праз усіх, і ўва ўсіх нас.
  7. А кожнаму з нас дадзена мілата ў меру дару Хрыстовага.
  8. Таму і сказана: «падняўшыся на вышыню, запаланіў паланёных і даў дары людзям».
  9. А «падняўся» што азначае, як ня тое, што Ён і сыходзіў раней у прадонныя мясьціны зямлі?
  10. Хто сыходзіў, Ён жа ёсьць і Той, Хто ўзышоў над усе нябёсы, каб напоўніць усё.
  11. І Ён паставіў адных апосталамі, другіх прарокамі, іншых дабравесьнікамі, іншых пастырамі і настаўнікамі,
  12. на дасканаленьне сьвятых, на дзею служэньня, на збудаваньне Цела Хрыстовага,
  13. пакуль усе прыйдзем у адзінства веры і спазнаньня Сына Божага, у мужа дасканалага, у меру поўнага росту Хрыстовае паўнаты;
  14. каб мы ня былі больш недаросткамі, якіх хістаюць і захапляюць усякія вятры навукі, каб падманам людзкім, штукарскай хітрынай увесьці ў змусту.
  15. А каб у шчырай любові ўсе ўзрасталі ў Таго, Які ёсьць Галава, у Хрыста.
  16. зь Якога ўсё цела, што складаецца і злучаецца праз розныя ўзаемна жыўналучныя сувязі, у меру дзеяньня кожнага асобнага чэлеса, атрымлівае прырост цела на збудаваньне самога сябе ў любові.
  17. Таму я кажу і заклінаю Госпадам, каб вы болей не рабілі, як робяць астатнія народы ў марноце розуму свайго,
  18. бо яны запамрочаныя ў розуме, адчужаныя ад жыцьця Божага з прычыны іхняга невуцтва і зжарсьцьвеласьці сэрца іхняга;
  19. яны, дарэшты зьнячуліўшыся, аддаліся распусьце так, што робяць усякае паскудзтва ненасытна.
  20. Але вы ня так навучыліся ад Хрыста,
  21. бо вы чулі пра Яго і ў Ім навучыліся, — бо ісьціна ў Ісусе, —
  22. пазбыцца разам зь мінулым жыцьцём старога чалавека, які парахнее ў панадных пахацінствах,
  23. а абнавіцца духам розуму вашага
  24. і апрануцца ў новага чалавека, створанага ў падабенстве Божым, у праведнасьці і сьвятасьці ісьціны.
  25. Таму, адкінуўшы ману, гаварэце праўду кожны блізкаму свайму, бо мы чэлесы адзін аднаму.
  26. Гневаючыся, не грашэце: сонца хай ня зойдзе ў гневе вашым;
  27. і не давайце месца д'яблу.
  28. Хто краў, больш ня крадзь, а лепей працуй, робячы сваімі рукамі карыснае, каб было з чаго выдзяляць таму, хто мае патрэбу.
  29. Ніякае брыдкае слова хай ня выходзіць з вуснаў вашых, а толькі добрае на будаўніцтва ў веры, каб яно давала мілату слухачам.
  30. І не зьневажайце Духа Божага, Якім мы запячатаны ў дзень адкупленьня.
  31. Усякае раздражненьне і лютасьць, і гнеў, і крык, і ліхаслоўе з усякаю злосьцю хай будуць выдалены з вас;
  32. але будзьце адно да аднаго добрыя, спагадлівыя, даруйце адно аднаму, як і Бог у Хрысьце дараваў вам.

Постоянная ссылка на эту страницу bibleonline.ru/bible/bel/56/04/.

Выбор перевода и языка



© Библия Онлайн, 2003-2016