1. Дык вось, браты мае любасныя і жаданыя, радасьць і вянок мой, стойце так у Госпадзе, любасныя мае.
  2. Малю Евадыю, малю Сінтыхію думаць гэтак сама пра Госпада;
  3. сапраўды, прашу і цябе, мой шчыры супрацоўнік, памагай ім, што памагалі ў зьвеставаньні разам са мною і з Кліментам і з астатнімі супрацоўнікамі маімі, чые імёны — у кнізе жыцьця.
  4. Радуйцеся заўсёды ў Госпадзе; і яшчэ кажу: радуйцеся.
  5. Пакорлівасьць вашая хай будзе вядомая ўсім людзям. Гасподзь блізка.
  6. Ня турбуйцеся ні пра што, а заўсёды ў малітве і прашэньні з падзякаваньнем адкрывайце свае жаданьні Богу, —
  7. і мір Божы, які вышэйшы за ўсякі розум, ахавае сэрцы вашыя і помыслы ў Хрысьце Ісусе.
  8. Нарэшце, браты мае, што толькі ў ісьціне, што сумленнае, што справядлівае, што чыстае, што любае, што вартае хвалы, што толькі дабрадзейнасьць, ці што пахвалы годнае, — тое і майце наўме.
  9. Чаго вы навучыліся, што прынялі і чулі і бачылі ўва мне, тое і выконвайце, — і Бог міру будзе з вамі.
  10. Я вельмі ўзрадаваўся ў Госпадзе, што вы ўжо зноў пачалі клапаціцца пра мяне; вы і раней клапаціліся, але вам ня спрыяла нагода.
  11. Кажу гэта не таму, што патрэбу маю; бо я навучыўся здавольвацца тым, што ў мяне ёсьць:
  12. умею жыць і ў гароце, умею жыць і ў дастатку; навучыўся ўсяго і ва ўсім, насычацца і галадаць, быць і ў раскошы і ў нястачы.
  13. Усё магу ў Ісусе Хрысьце, Які мацуе мяне.
  14. Нарэшце, вы добра зрабілі, што ўзялі ўдзел у смутках маіх.
  15. Вы ведаеце, Піліпяне, што на пачатку зьвеставаньня, калі я выйшаў з Македоніі, ніводная царква, апроч вас адных, ня брала ўдзелу ў маіх выдатках і прыбытках;
  16. вы і ў Фесалоніку і раз і два дасылалі мне на патрэбы.
  17. Ня тое, каб шукаў я дароў; а шукаю плоду, які памнажаецца на карысьць вам.
  18. Я атрымаў усё і маю занадта; я задаволены, атрымаўшы ад Эпафрадыта гасьцінцы вашыя, — салодкія пахошчы, ахвяру прыемную, спадобную Богу.
  19. Бог мой няхай адшкадуе вам на любую патрэбу вашую, ад багацьця Свайго ў славе, празь Ісуса Хрыста.
  20. А Богу і Айцу нашаму слава на векі вякоў! Амін.
  21. Вітайце кожнага сьвятога ў Хрысьце Ісусе. Вітаюць вас браты, якія са мною.
  22. Вітаюць вас усе сьвятыя, а найболей з кесаравага дома.
  23. Мілата Госпада нашага Ісуса Хрыста з усімі вамі. Амін.

Постоянная ссылка на эту страницу bibleonline.ru/bible/bel/57/04/.

Выбор перевода и языка



© Библия Онлайн, 2003-2016