1. Дык, заклінаю цябе перад Богам і Госпадам (нашым) Ісусам Хрыстом, Які будзе судзіць жывых і мёртвых у прышэсьце Ягонае і Царстве Ягоным:
  2. прапаведуй слова, настаўляй у час і ня ў час, выкрывай, забараняй, умаўляй доўга з поўнай цярплівасьцю і настаўленьнем.
  3. Бо будзе час, калі здаровага вучэньня прымаць ня будуць, а паводле сваіх прыхамацяў будуць выбіраць сабе настаўнікаў, лісьлівых слыху;
  4. і ад ісьціны адвернуць вушы і прыгорнуцца да баек.
  5. Але ты будзь пільны ва ўсім, цярпі скрушнасьць, выконвай справу дабравесьніка, выконвай служэньне тваё.
  6. Бо я ўжо раблюся ахвяраю, і час майго ўшэсьця настаў.
  7. Подзьвігам добрым я змагаўся, шлях закончыў, веру захаваў;
  8. а цяпер рыхтуецца мне вянок праўды, які дасьць мне Гасподзь, справядлівы Судзьдзя, у дзень той; і ня толькі мне, але і ўсім, што палюбілі прышэсьце Яго.
  9. Пастарайся прыйсьці да мяне неўзабаве.
  10. Бо Дымас пакінуў мяне, палюбіўшы цяперашняе жыцьцё, і пайшоў у Фесалоніку, Крыскент у Галятыю, Ціт у Далмацыю; адзін Лукаш са мною.
  11. Марка вазьмі і прывядзі з сабою, бо ён мне патрэбен на служэньне.
  12. Тыхіка я паслаў у Эфэс.
  13. Як пойдзеш, прынясі плашч, які я пакінуў у Траадзе ў Карпа, і кнігі, асабліва пергамэнтныя.
  14. Аляксандр-меднік шмат учыніў мне ліха. Няхай яму Бог аддасьць паводле ўчынкаў ягоных!
  15. Асьцерагайся яго і ты, бо ён надта ж супрацівіўся нашым словам.
  16. Пры першай маёй абароне нікога ня было са мною, а ўсе мяне пакінулі. Хай не залічыцца ім!
  17. А Гасподзь зьявіўся мне і ўмацаваў мяне, каб празь мяне сьцьвердзілася Дабравесьце, і пачулі ўсе язычнікі; і я пазьбег ільвінай пашчы.
  18. І выратуе мяне Гасподзь ад усякіх ліхіх дзеяў і захавае для Свайго Нябеснага Царства. Яму слава на векі вякоў. Амін.
  19. Вітай Прыскілу і Акілу і дом Анісіфораў.
  20. Эраст застаўся ў Карынфе; а Трахіма я пакінуў хворага ў Міліце.
  21. Пастарайся прыйсьці да зімы. Вітаюць цябе Эвул і Пуд, і Лін і Клаўдзія, і ўсе браты.
  22. Гасподзь Ісус Хрыстос з духам тваім. Мілата з вамі. Амін.

Постоянная ссылка на эту страницу bibleonline.ru/bible/bel/62/04/.

Выбор перевода и языка



© Библия Онлайн, 2003-2017