1. Павал, вязень Ісуса Хрыста, і Цімафей брат, Філімону любаснаму і супрацоўніку нашаму,
  2. і Апфіі, (сястры) любаснай, і Архіпу, спадзьвіжніку нашаму, і дамовай тваёй царкве:
  3. мілата вам і мір ад Бога Айца нашага і Госпада Ісуса Хрыста.
  4. Дзякую Богу майму, заўсёды спамінаючы цябе ў малітвах маіх,
  5. чуючы пра тваю любоў і веру, якую маеш да Госпада Ісуса і да ўсіх сьвятых,
  6. каб дзеяньне веры тваёй было чыннае ў спазнаньні ўсякага ў вас дабра ў Хрысьце Ісусе.
  7. Бо мы маем вялікую радасьць і ўцеху ў любові тваёй, бо табою, браце, супакоены сэрцы сьвятых.
  8. Таму, маючы вялікую ў Хрысьце адвагу загадваць табе, што трэба,
  9. зь любові лепей прашу, ня хто які там, а я, Павал — старац, а цяпер вязень Ісуса Хрыста;
  10. прашу цябе за сына майго Анісіма, якога нарадзіў я ў кайданах маіх:
  11. ён быў калісьці нягодны табе, а цяпер годны табе і мне: я вяртаю яго;
  12. а ты прымі яго, як маё сэрца.
  13. Я хацеў пры сабе яго ўтрымаць, каб ён замест цябе паслужыў мне ў кайданах за зьвеставаньне;
  14. але без тваёй згоды нічога не хацеў зрабіць, каб добрая справа твая была ня мусовая, а з добрае волі.
  15. Бо, можа быць, ён на тое часова адлучыўся, каб ты прыняў яго назаўсёды,
  16. ужо ня як раба, а вышэйшага за раба, брата любаснага, асабліва мне, а тым болей табе, і па плоці і ў Госпадзе.
  17. І вось, калі маеш за супольніка мяне, дык прымі яго, як мяне.
  18. Калі ж ён чым пакрыўдзіў цябе, альбо вінаваты табе, лічы гэта на мне.
  19. Я, Павал, напісаў маёю рукою: я заплачу"; не кажу табе пра тое, што ты і самім сабою мне вінаваты.
  20. Так, браце, дай мне скарыстацца табою ў Госпадзе; супакой маё сэрца ў Госпадзе.
  21. Спадзяючыся на слухмянасьць тваю, а напісаў табе, ведаючы, што ты зробіш і болей, чым прашу.
  22. А разам падрыхтуй мне і памяшканьне; бо, спадзяюся, што па малітвах вашых я буду дараваны вам.
  23. Вітае цябе Эпафрас, вязень разам са мною дзеля Ісуса Хрыста, Марк, Арыстарх, Дымас, Лукаш, супрацоўнікі мае.
  24. Мілата Госпада нашага Ісуса Хрыста з духам вашым. Амін.

Постоянная ссылка на эту страницу bibleonline.ru/bible/bel/64/01/.

Выбор перевода и языка



© Библия Онлайн, 2003-2016