Першае пасланьне да Карынфянаў, разьдзел 16

А адносна складак, якія для сьвятых, рабіце і вы так, як я загадаў цэрквам Галяцкім: у першы [дзень] пасьля суботы кожны з вас няхай складае ў сябе і зьбірае паводле таго, як яму вядзецца, каб не рабіць складак тады, калі я прыйду. А калі я прыйду, пашлю тых, якіх вы вызначыце праз лісты, занесьці дар ваш у Ерусалім. А калі будзе варта і мне пайсьці, яны пойдуць са мною. Я ж прыйду да вас, калі прайду Македонію, бо праз Македонію праходжу. А ў вас, можа быць, затрымаюся, або і перазімую, каб вы мяне праводзілі, куды я пайду. Бо не хачу бачыць вас цяпер мімаходам, але спадзяюся застацца нейкі час з вамі, калі Госпад дазволіць. А ў Эфэсе я застануся да Пяцідзясятніцы, бо для мяне адчыненыя вялікія і зручныя дзьверы і шмат супраціўнікаў. Калі ж прыйдзе Цімафей, глядзіце, каб быў у вас бяз страху; бо ён справу Госпада выконвае, як і я. Дык няхай ніхто не пагарджае ім, а правядзіце яго ў супакоі, каб ён прыйшоў да мяне, бо я чакаю яго з братамі. Што да брата Апалёса, дык я шмат прасіў яго, каб ён прыйшоў да вас з братамі; ды ён зусім ня меў ахвоты, каб прыйсьці цяпер, але прыйдзе, калі будзе мець час. Чувайце, стойце ў веры, будзьце мужнымі, умацоўвайцеся. Усё ў вас няхай будзе ў любові. Прашу ж вас, браты: вы ведаеце дом Стэфана, што ён ёсьць пачатак Ахаі і што яны аддалі сябе на служэньне сьвятым; дык і вы будзьце паслухмяныя гэтакім і кожнаму, хто дапамагае нам і працуе. Я радуюся з прыходу Стэфана, і Фартуната, і Ахаіка, што яны дапоўнілі вашую нястачу, бо яны супакоілі дух мой і ваш. Дык зважайце на такіх. Вітаюць вас цэрквы Азійскія. Вітаюць вас шчыра ў Госпадзе Акіла і Прыскіла з царквою, якая ў іх доме. Вітаюць вас усе браты. Прывітайце адзін аднаго пацалункам сьвятым. Прывітаньне маёй рукою, Паўлавай. Калі хто ня любіць Госпада Ісуса Хрыста, няхай будзе адлучаны! Прыходзіць наш Госпад! Ласка Госпада Ісуса Хрыста з вамі. Любоў мая з усімі вамі ў Хрысьце Ісусе. Амэн.