Кніга Псальмаў, псальм 36

Кіраўніку хору: слугі ГОСПАДА Давіда. Правіна бязбожніка засьведчана ў сэрцы маім: няма страху Божага перад вачыма ягонымі, бо ён ашуквае сябе ў вачах сваіх, нібы шукае беззаконьня свайго, каб зьненавідзець яго. Словы вуснаў ягоных — злачынства і падступнасьць, ён не захацеў разумець, каб рабіць добрае. Ён злачынства надумляе на ложку сваім, ён стаіць на шляху нядобрым і ня грэбуе злом. ГОСПАДЗЕ! Да нябёсаў міласэрнасьць Твая, а вернасьць Твая — аж да аблокаў! Праведнасьць Твая — быццам Божыя горы, суды Твае — як вялізнае бяздоньне! Людзей і скаціну Ты збаўляеш, ГОСПАДЗЕ. Якая каштоўная, Божа, міласэрнасьць Твая! Сыны чалавечыя ў ценю крылаў Тваіх маюць надзею. Яны насычаюцца ад тлустасьці дому Твайго, і са струменя асалодаў Тваіх Ты іх поіш, бо крыніца жыцьця — у Табе, у сьвятле Тваім мы бачым сьвятло. Расьцягні міласэрнасьць Тваю над тымі, што ведаюць Цябе, і праведнасьць Тваю — над [людзьмі] са шчырым сэрцам. Няхай ня прыйдзе на мяне нага пыхлівых, і рука бязбожніка няхай ня зрушыць мяне. Там упадуць злачынцы, паваляцца і ня здолеюць паўстаць.